Здаецца, бард‑рокерка Таня Беланогая не імкнецца быць арыгінальнай. Затое ў шчырасці яе мудрая прастата ёсць — быць самім сабой. «Я хачу банальшчыны: мора, месячнай сцяжынкі, пясочку, кахаць і быць каханай».
Здаецца, бард‑рокерка Таня Беланогая не імкнецца быць арыгінальнай. Затое ў шчырасці яе мудрая прастата ёсць — быць самім сабой. «Я хачу банальшчыны: мора, месячнай сцяжынкі, пясочку, кахаць і быць каханай».
Спаткаліся мы напярэдадні Танінага ад’езду ў роднае Маладзечна. Таня радасная: электрычка — не метро. Там будуць прыгожыя далягляды, і кніжку нарэшце пачытаць можна.
Тата‑нефармал
Дзяцінства Таніна — маладзечанскі інтэрнат з доўгім калідорам, на 26 пакояў. Матуля, сястра, тата і Высоцкі, Бутусаў, Аркадзь Северны. Штодзень у тым пакойчыку, адным‑адзіным, спяваюць. Гэта ўсё тата, «схаваны нефармал»!
Ну а сябе Таня ўзгадвае непаслухмянай, нават шкодніцай. Магла брата падставіць: шукае на целе ранку, каб атрымаў той. А яшчэ дзяцінства Таніна — гэта любоў мамы і таты. Таму і ў інтэрнацкім пакойчыку цесным была свая шчаслівая паўната.
«У мяне і цяпер вельмі моцнае адчуванне, што ёсць сям’я. Мы з сястрой прыязджаем да бацькоў — і быццам бы гэта наша крэпасць. Не сцены, не шпалеры, не новая мэбля, а ў паветры нейкі эфір немажлівы! Задыхаешся ад кахання. Я ўдзячная Богу. Гэта мудрасць маці і таты, каб захаваць сям’ю і вырасціць дзяцей!» Таня ўвогуле ўпэўненая, што любоў — гэта самае галоўнае. Не варта без любові горад будаваць…
Штолета была вёска з бабуляй, вялікай бібліятэкай, цёткі — выкладчыцы сусветнай мастацкай культуры. «Памятаю, любіла гартаць кніжку пра Антаніёні, з палкімі чорна‑белымі кадрамі фільмаў. Гэта быў нейкі патаемны ход у іншае вымярэнне. Што за бязглуздзіца, але ж цікава! Потым пачала разумець, хто гэта і навошта. Любіла Жорж Санд, асабліва яе біяграфію».
У гадоў чатырнаццаць знайшла кніжку Анатоля Сыса. Не захапілася, але запомніла. Пазней, ужо студэнткай, адкрыла: Сыс — Паэт! Побач з Сысам у яе сэрцы змясціліся яшчэ два паэтычныя каханні — Саша Башлачоў і Лера Сом.
«Проста гэта такія паэты… Нават не растлумачыш! Такая паэзія, якая над паэзіяй! Вось кніжка — а над ёй пара, як туман! Паэзія, як эфір, нябачная».
У вёсцы Таня ведала, што не мусіць ісці тусавацца з усімі на лавачках. Гэта — неяк няправільна.
«Не умею сябе паводзіць у вялікай кампаніі! У тусоўках страчваецца глыбіня, губляюцца вочы, і мне вельмі балюча. Паасобку людзі прыгожыя, а калі іх шмат, я не бачу гэтай прыгажосці».
У школцы памыляцца нельга
Калі запляталі Тані хвосцікі ў школку, дык плакала яна. «Ненавідзела ў дзяцінстве школу, там было страшна, там нельга было памыляцца». А Таня — дзяўчынка гіперадказная. Выдатніца. Урокі не зробленыя — на вуліцу не ідзе, спаць не кладзецца.
«Я і цяпер на працы ўсе дакументы тры разы пераправеру. Але калі палюбіць сябе і зразумець, што гіперадказнасць — гэта нармалёвы стан, то не так ужо і дрэнна тады».
Паступіла на прыродазнаўчы факультэт — і заплакала
Было ў Тані памкненне стаць рэстаўратарам, ды зрок дрэнны. У філолагі памкненне было падацца. Але — сшыткі правяраць!
І паступіла на прыродазнаўчы факультэт. Паступіла — і заплакала. Студэнткай была павярхоўнай: каб адгарадзіцца ад акадэмізму універсітэцкага тужлівага. Затое як выходзіла да дошкі — аднагрупнікі ўсміхаліся. Не магла яна сур’ёзна пра будову ліста, кселему і флаэму. Тані хацелася пра іх спяваць! Затое ва універсітэце была мілая сэрцу геаграфія і знайшліся сапраўдныя сябры — фатограф Віталь Матусевіч, Дзяніс і Зміцер з гурта «Рахіс». Яны і завялі Таню ў Задзіночанне беларускіх студэнтаў, дзе спаткалася так шмат светлых людзей. І свае першыя канцэрты бард‑рокерка грала ў ЗБСе.
Я — бабулька старэнькая, у вачах якой зямля адгукаецца
А да беларушчыны Таня прыйшла праз каханне. Яе хлопец захапляўся «N.R.M.» «Памятаю, як «Одзірыдзідзіну» слухала. Якое вар’яц¬тва, але як гэта цудоўна! І пачало прыходзіць: гэта мая музыка, я беларуска…» Каханню дзякуючы і спевы Таніны нарадзіліся. «Я моцна кахала ў жыцці. Але нічога, акром песняў, з майго кахання не выйшла… Ну, а для жанчыны ж каханне — гэта асноўнае».
Таня марыць кахаць і быць каханай. Са студэнцтвам не так даўно развітаўшыся, яна ў дарослае жыццё крочыць. І як бы ёй тут шчырай застацца. Па правільных касмічных законах развівацца. І каб усе былі шчаслівымі, здаровымі — аб гэтым Таня Беланогая марыць.
Яе палохаюць кампутары. «Людзі ў зацікаўленасцях livejournal пішуць: «гуляць пад дажджом, збіраць лісцікі». Страшна мне ад гэтых фразаў! Яны сядзяць у гэтым ЖЖ, а пад дажджом не гуляюць! Людзі накупілі кампутараў, пішуць такія фразы, а так шмат няшчасцяў…»
Натхняе яе тэатр з глыбокім сэнсам. І Бог натхняе. «Я Бога па‑свойму ўспрымаю, праз дарогу, праз бабулю, праз дом. Бог — мой першы сябра. Малітвы заўжды са мной. Без храму я б ніводнага канцэрту не сыграла. Прыйдзеш у царкву, калі закахалася, і просіш для гэтага чалавека ўсяго самага добрага альбо просіш у Бога добрай дарогі».
З узростам Таня прыходзіць да ісціны: нічога ў жыцці не дадзена проста так, а дадзена, каб мы вучыліся. Урок, адчувае яна, можа ісці ў двух кірунках: у бок азлоблення, непрыняцця, калі застаешся дзіцем, якому усё нешта не так, альбо ў бок моцы, спакою.
А з кім і з чым атаясаміць сябе можа? З бабулькай. «Ідзе яна ў вёсцы, і такая прыгажосць! Нейкі дыялог у сабе нясе, думае пра нас усіх, пра кароўку сваю, пра козачку думае… Быццам бы зямля, быццам ўсё ў яе вачах адгукаецца».
Каментары