У рабоце V з`езда беларусаў свету, які адкрыецца раніцай 18 ліпеня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры, чакаецца ўдзел каля 340 дэлегатаў і больш за 40 гасцей амаль з 20 краін,

паведаміла БелаПАН намеснік старшыні рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і старшыня рабочай групы па падрыхтоўцы форуму Ніна Шыдлоўская.

На з'езд абрана каля 200 замежных дэлегатаў і 141— з Беларусі. Запрошаны 42 госці, у тым ліку 27 замежных. Прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў замежных спраў, інфармацыі, культуры, адукацыі, эканомікі, а таксама Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей далі згоду на ўдзел у пленарным пасяджэнні з`езда і ў працы секцый форуму.

Тэма з'езда — «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця».

На форуме будуць працаваць тры секцыі: «Сродкі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі і свеце (мова, літаратура, мастацтва, друк і г.д.)»; «Магчымасці ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны беларусаў»; «Беларуская ідэнтычнасць у еўрапейскім кантэксце».

Праграма першага дня з`езда ўключае пленарнае пасяджэнне і секцыйныя, выступленні прадстаўнікоў дзяржструктур і святочны канцэрт. У другі дзень запланаваны сустрэчы дэлегатаў з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, прэзентацыя кніг, у тым ліку выдадзеных «Бацькаўшчынай» пасля IV з`езда, сустрэча з творчай інтэлігенцыяй, прыняцце выніковых дакументаў, выбары кіруючых органаў і прыём у ганаровыя члены аб`яднання.

«Мы спадзяемся на канструктыўнае абмеркаванне праблемы захавання і развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, якая з`яўляецца вельмі актуальнай для нацыі, а таксама праблем супрацоўніцтва беларусаў метраполіі і дыяспары, уключаючы ўзаемадзеянне з «Бацькаўшчынай» і дзяржаўнымі органамі», — сказала Шыдлоўская.

Яна нагадала, што дагэтуль не прыняты закон аб суайчынніках за мяжой і дзяржаўная праграма падтрымкі беларускай дыяспары. «А для захавання і пашырэння беларускай прысутнасці ў свеце многія пытанні могуць быць вырашаныя толькі пры дзяржаўнай падтрымцы», — зазначыла Шыдлоўская.

Яна выказала надзею, што з`езд падштурхне дзяржаву да вырашэння праблем беларусаў замежжа.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0