Лёсаванне трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў прайшло 17 ліпеня ў швейцарскім Ньёне.

Пераможца пары БАТЭ / «Македонія» ў гэтым раўндзе сустрэнецца з мацнейшай камандай двубою «Вентспілс» (Латвія) / «Дюдзеланж» (Люксембург).

У першым матчы латвійская каманда перамагла «Дзюдзеланж» дома з лікам 3:0, і шанцы люксембуржцаў мізэрныя.

БАТЭ, нагадаем, у першым матчы выйграў у гасцях у «Македоніі» з лікам 2:0. Матч у адказ пройдзе ў аўторак у Барысаве.

Матчы трэцяга раўнду адбудуцца 28‑29 ліпеня і 4‑5 жніўня. У выпадку выхаду БАТЭ ў гэты раўнд першы матч мы правядзём у гасцях.

Прамых аўтобусаў да Вентспілса няма, але вось да Рыгі даехаць досыць танна - 88 тыс. рублёў. Ехаць 12 гадзін. Аўтобусы адпраўляюцца тры разы на дзень.

Клуб «Вентспілс» заснаваны ў 1997 г. Трохразовы чэмпіён Латвіі (2006, 2007, 2008).

Дарэчы, горад Вентспілс, што знаходзіцца на паўночным захадзе Латвіі і мае насельніцтва ў 44 тыс. жыхароў - горад-пабрацім Наваполацка. Асноўная форма футбольнага клуба - жоўта-сінія, як і ў БАТЭ. Стадыён змяшчае толькі 3 200 гледачоў.

***

З камандамі Латвіі беларускія клубы сустракаліся тройчы:

у 1998 г. мінскае «Дынама» ў першым раўндзе Лігі чэмпіёнаў прайграла «Сконта» з Рыгі — 1:2, 0:0;

у 2007 г. «Дынама» узяло ў рыжан рэванш толькі ўжо у 1‑м раўндзе Кубку УЕФА (2:0, 1:1), у тым жа годзе ў 1‑м кваліфікацыйным раўндзе Кубку УЕФА брэсцкае «Дынама» саступіла ліепайскаму «Металургу» (1:2, 1:1).

***

Таксама зазначым, што ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў пражская «Славія», за якую выступае беларус Віталь Трубіла, згуляе з пераможцам пары «Інтэр» (Турку, Фінляндыя) / «Шэрыф» (Ціраспаль, Малдова). «Шэрыф» трэніруе беларускі спецыяліст Леанід Кучук, а гуляе ў складзе каманды Ігар Карповіч. «Шэрыф» у першым матчы выйграў у «Інтэра» у гасцях з лікам 1:0.

Казахскі «Актабэ», за які гуляе Андрэй Лаўрык, згуляе ў 3-м раўндзе з «Макабі» (Хайфа). «Актабэ» у першым матчы 2-га раўнду выйграў у «Хафнафьёрдзюра» 4:0, а «Макабі» - у паўночнаірлансдкага «Глентарана» - 6:0.

***

Сёння таксама прайшло лёсаванне 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы.

Пераможца пары «Нафтан» Наваполацк / «Гент» сустрэнецца з італьянскай «Ромай».

Першы матч 30 ліпеня, матч у адказ - 6 жніўня.

Нагадаем, ўчора, 16 ліпеня, у першым матчы 2-га кваіліфікацыйнага раўнду «Нафтан» выйграў у Віцебску ў «Гента» з лікам 2:1. Вырашальны матч - 23 ліпеня ў Бельгіі.

Пераможца пары «Металург» Данецк - МТЗ-РІПА Мінск згуляе ў 3-м раўндзе з «Інтэрблокам» (Любляна, Славенія). 16 ліпеня мінчукі прайгралі ў Данецку з лікам 0:3. Матч у адказ у беларускай сталіцы пройдзе 23 ліпеня.

Пераможца пары «Дынама» Мінск - «Трамсё» (Нарвегія) згуляе ў 3-м раўндзе з пераможцам пары «Мілано» (Македонія) / «Славен» Карпівніца (Харватыя).

Учора ў Мінску у матчы «Дынама» - «Трамсё» была зафіксавана нічыя 0:0. А харваты ў гасцях перамаглі македонскі клуб з лікам 4:0.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0