Валдас Адамкус, Вацлаў Гавел, Лех Валенса, Павол Дэмеш, Вайра Віке-Фрэйберга і іншыя еўрапейскія палітыкі выказаліся за неабходнасць умацавання сувязяў паміж Злучанымі Штатамі і Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропай.

Адкрыты ліст да адміністрацыі Абамы ад Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы

Мы напісалі гэты ліст таму, што нас, як інтэлектуалаў і былых палітыкаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, глыбока турбуе будучыня трансатлянтычных адносін, а таксама якасьць будучых адносін паміж Злучанымі Штатамі і краінамі нашага рэгіёну. Мы выступаем ад саміх сябе як сябры і саюзьнікі Злучаных Штатаў, а таксама як сапраўдныя эўрапейцы.

Нашы краіны бясконца абавязаныя Злучаным Штатам. Многія з нас на ўласным досьведзе ведаюць, наколькі важнай была ваша падтрымка нашай волі і незалежнасьці ў цёмныя гады “халоднай вайны”. Узаемадзеяньне з ЗША і аказаная нам падтрымка сталі ключавой умовай нашага дэмакратычнага посьпеху пасьля таго, як дваццаць гадоў таму звалілася “жалезная заслона”. Каб ня бачаньне і лідэрства Вашынгтона, то наўрад ці мы сёньня былі б у NATO або нават у ЭЗ.

Мы рабілі усё магчымае, каб адказваць узаемнасьцю і рабіць гэтыя адносіны двухбаковымі. Мы зьяўляемся галасамі «атлянтызму» у NATO і ЭЗ. Нашы краіны ваявалі поруч з ЗША на Балканах, у Іраку, а зараз і ў Аўганістане. Хоць, часамі, наш уклад можа здавацца сьціплым у параўнаньні з вашым, ён значны, калі вымяраць яго ў адсотках ад нашага насельніцтва і аб»ёму ВУП. У мінулым вы дапамаглі нам, падтрымаўшы лібэральную дэмакратыю і лібэральныя каштоўнасьці, а зараз мы зьяўляемся аднымі з вашых самых перакананых прыхільнікаў, калі гаворка ідзе аб пасоўваньні дэмакратыі і абароне і правоў чалавека па ўсім сьвеце.

Аднак, праз дваццаць гадоў пасьля сканчэньня “халоднай вайны”, мы бачым, што краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы больш не ляжаць у аснове амэрыканскай вонкавай палітыкі. У той час як новая адміністрацыя Абамы усталёўвае прыярытэты вонкавай палітыкі, наш рэгіён ператвараецца ў частку сьвету, аб якой амэрыканцы больш не турбуюцца. І насамрэч часам у нас ствараецца такое уражаньне, што шматлікія амэрыканскія службоўцы прыйшлі да высновы, што праблемы нашага рэгіёну былі вырашаныя раз і назаўжды, а зараз можна “паставіць галачку” і перайсьці да рашэньня іншых, больш неадкладных стратэгічных пытаньняў. Адносіны былі настолькі шчыльнымі, што шмат хто з абодвух бакоў мяркуе, што трансатлянтычная арыентацыя рэгіёну, а таксама яго стабільнасьць і росквіт, будуць працягвацца вечна.

Гэты пункт гледжаньня дачасны. Ня ўсё добра ані ў нашым рэгіёне, ані ў трансатлянтычных адносінах. Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа стаіць на палітычных ростанях, і сёньня ў рэгіёне адчуваецца рост нэрвовасьці. Сусьветны эканамічны крызыс паўплываў на наш рэгіён ды, як і ўсюды, паўстае рызыка таго, што нашыя грамадзтвы замкнуцца на сябе і стануць менш узаемадзейнічаць з астатнім мірам. Адначасова, на зьнешнепалітычным небасхіле зьбіраюцца навальнічныя хмары. Як і вы, мы з нецярпеньнем чакаем вынікаў расьсьледаваньня Эўрапейскай камісіі, прысьвечанага першапрычынам расейска-грузінскай вайны. Але палітычнае ўзьдзеяньне гэтай вайны ужо адчуваецца ў рэгіёне. Шматлікія краіны да глыбіні душы устрывожаныя тым, што Атлянтычны альянс застаўся ўбаку ў той час, як Расея парушыла асноўныя прынцыпы Гэльсынскіх дамоў, Парыжскай хартыі і тэрытарыяльную цэласнасьць краіны, якая ёсьць чальцом натаўскага “Партнэрства дзеля міру” і Рады эўраатлянтычнага партнэрства - усё гэта ў імя абароны сфэры ўплыву на сваіх межах.

Нягледзячы на высілкі новых сваіх чальцоў, сёньня NATO выглядае слабей, чым калі мы далучыліся да яго. У шмат якіх з нашых краін альянс успрымаецца як нешта ўсё меней і меней значнае, і мы адчуваем гэта. Хоць мы і зьяўляемся паўнапраўнымі чальцамі альянсу, людзі задаюцца пытаньнем аб тым, ці будзе NATO гатова устаць на нашу абарону ў выпадку будучага магчымага крызысу. Эўрапейская залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў таксама выклікае заклапочанасьць наконт згуртаванасьці альянсу. Нядаўняя заўвага прэзыдэнта Абамы, зробленая ім на апошнім саміце NATO, калі ён адзначыў неабходнасьць стварэньня плянаў надзейнай абароны ўсіх чальцоў альянсу, было доўгачаканай, але недастатковай у тым, каб зьняць асьцярогі з нагоды гатовасьці альянсу да абароны. Наша здольнасьць мець падтрымку насельніцтва ў сфэры нашых сумесных з альянсам місій за мяжой залежыць ад таго, ці зможам мы паказаць, што асьцярогі з нагоды нашай уласнай бясьпекі знаходзяць свой адказ у працы NATO і цесным супрацоўніцтве са Злучанымі Штатамі.

Мы таксама павінны прызнаць, што папулярнасьць і уплыў Амэрыкі зьнізіліся ў многіх з нашых краін. Апытаньні грамадзкай думкі, уключаючы дасьледаваньне нямецкага “Фонду Маршала” пад назовам “Трансатлянтычныя тэндэнцыі”, паказваюць, што наш рэгіён таксама апынуўся схільным да хвалі крытыкі і антыамэрыканізму, якая накрыла ў апошнія гады Эўропу і прывяла да зьнікненьня сымпатыі да Злучаных Штатаў у гады Буша. Некаторыя рэгіянальныя лідэры заплацілі палітычнай кар»ерай за сваю падтрымку непапулярнай вайны ў Іраку. У будучыні яны, магчыма, будуць больш асьцярожныя, прымаючы на сябе палітычныя рызыкі, каб падтрымаць Злучаныя Штаты. Мы лічым, што пачатак працы новай адміністрацыі дае новую магчымасьць зьмяніць гэтую тэндэнцыю, але запатрабуе ад абодвух бакоў часу і высілкаў, каб аднавіць тое, што мы страцілі.

Эўразьвяз шмат у чым стаўся асноўным фактарам і ладам нашага жыцьця. Для шматлікіх людзей сувязі з ЭЗ падаюцца сёньня больш значнымі і важнымі, чым адносіны са Злучанымі Штатамі. У некаторай ступені гэта зьяўляецца лягічным вынікам інтэграцыі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы ў ЭЗ. Нашы лідэры і службоўцы праводзяць значна больш часу на Эўрапейскіх сустрэчах, чым на кансультацыях з Вашынгтонам, дзе ім часта даводзіцца рабіць шмат высілкаў, каб нашы галасы былі пачутыя. Вядома ж, інтэграцыю рэгіёна з ЭЗ можна толькі вітаць, і яна не абавязкова прывядзе да паслабленьня трансатлянтычных адносін. Мы спадзяемся, што інтэграцыя Цэнтральнай і Усходняй Эўропы ў ЭЗ на самой справе узмоцніць стратэгічнае супрацоўніцтва паміж Эўропай і Амэрыкай.

Аднак, існуе небясьпека, што, замест таго, каб быць праатлянтычным голасам у ЭЗ, падтрымка больш глябальнага партнэрства з Вашынгтонам ў рэгіёне паступова зьнікне. У нашага рэгіёну не існуе традыцый прымаць на сябе больш глябальную ролю. Некаторыя пытаньні трансатлянтычных надзённых пытаньняў, напрыклад, глябальнае пацяпленьне, не знаходзяць у насельніцтва Цэнтральнай і Усходняй Эўропы таго ж водгуку, што і ў Заходняй Эўропе.

У Цэнтральнай і Усходняй Эўропе таксама адбываецца зьмена кіраўніцтва. Ля стырна апынаецца ўсё менш і менш лідэраў, якія вышлі з рэвалюцый 1989 году і на сабе адчулі ключавую ролю, якую адыграў Вашынгтон у замацаваньні нашых дэмакратычных зьменаў і ўключэньні нашых краінаў у NATO і ЭЗ. На сцэну выходзіць новае пакаленьне лідэраў, у якіх няма гэтых успамінаў, і якія праводзяць больш “рэалістычную” палітыку. У той жа час, былыя камуністычныя эліты, чые настойлівыя спробы кантраляваць палітычную і эканамічную уладу ў значнай меры спрыялі крызысу ў шматлікіх краінах рэгіёну, паступова зыходзяць з палітычнай сцэны. Бягучае палітычнае і эканамічнае замяшаньне і наступствы сусьветнага эканамічнага крызысу даюць дадатковыя магчымасьці сілам нацыяналізму, экстрэмізму, папулізму і антысэмітызму па усім кантынэнце, уключаючы і некаторыя з нашых краінаў.

Гэта азначае, што Злучаныя Штаты могуць страціць многіх са сваіх традыцыйных суразмоўцаў у рэгіёне. Новыя эліты, што прыходзяць ім на зьмену, могуць не падзяляць іх ідэалізм, або мець такія ж самыя адносіны са Злучанымі Штатамі, як пакаленьне, што стаяла ля стырна дэмакратычных рэформаў. Яны могуць з большым разьлікам падыходзіць да пытаньняў падтрымкі ЗША і быць больш местачковымі ў сваім бачаньні сьвету. У Вашынгтоне адбываюцца падобныя зьмены ў то час, як шматлікія лідэры і асобы, з якімі мы працавалі і на якіх разьлічвалі, сыходзяць з палітыкі.

Ну і вядома, застаецца пытаньне таго, як мець справу з Расеяй. Нашы надзеі на тое, што адносіны з Расеяй палепшацца, і Масква, нарэшце, цалкам прызнае наш сувэрэнітэт і незалежнасьць пасьля таго, як мы далучымся да NATO і ЭЗ, не спраўдзіліся. Замест гэтага, Расея вяртаецца да ролі дзяржавы, што імкнецца да зьмены статуту-кво, і спрабуе праводзіць палітыку 19-га стагодзьдзя з дапамогай тактык і мэтадаў 21-га стагодзьдзя. На сусьветным узроўні, па большасьці пытаньняў Расея выступае ў ролі дзяржавы, якая падтрымлівае статут-кво. Але на рэгіянальным узроўні і па стаўленьні да нашых краінаў, яна усё больш імкнецца зьмяніць гэты статут-кво. Яна кідае выклік нашаму супольнаму праву на ўласны гістарычны досьвед. Яна сьцьвярджае, што знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы, якое дазваляе ёй вызначаць нашы рашэньні, зьвязаныя зь бясьпекай. Яна выкарыстоўвае адкрытыя і тайныя прылады эканамічнай вайны, пачынаючы ад энэргетычнай блякады і палітычна матываваных інвэстыцыяй да подкупаў і маніпуляцый са СМІ, каб прасоўваць свае інтарэсы і аспрэчваць трансатлянтычную арыентацыю Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.

Мы вітаем “перазагрузку” амэрыканска-расейскіх адносін. Паколькі нашы краіны разьмешчаны найбліжэй да Расеі, мы, натуральна, больш за іншых зацікаўленыя ў разьвіцьці дэмакратыі ў Расеі і паляпшэньні адносін паміж Масквой і Захадам. Але ў нашых сталіцах адчуваецца нэрвовасьць. Мы жадаем прыняць неабходныя меры для таго, каб занадта вузкае тлумачэньне заходніх інтарэсаў не прывяло да няслушных саступак Расеі. Сёньня мы турбуемся з нагоды таго, што Злучаныя Штаты і асноўныя Эўрапейскія дзяржавы могуць прыняць плян Мядзьведзева, які прапануе замяніць існую структуру бясьпекі кантынэнту, заснаваную на каштоўнасьцях, нейкай “Дамовай дзяржаў”. Небясьпека палягае ў тым, што паўзучае запалохваньне і лабіяваньне з боку Расеі прывядуць да фактычнай нэўтралізацыі рэгіёну. У нашым рэгіёне існуюць розныя пункты гледжаньня адносна новай палітыкі Масквы, але існуе і агульны пункт гледжаньня аб тым, што нам неабходна глыбокае узаемадзеяньне са Злучанымі Штатамі.

Шмат хто ў рэгіёне з надзеяй глядзяць на адміністрацыю Абамы, чакаючы, што яна адновіць атлянтычныя адносіны ў якасьці маральных арыенціраў для яе унутранай і вонкавай палітыкі. Рашучая прыхільнасьць агульным лібэральна-дэмакратычным каштоўнасьцям ёсьць ключавым фактарам для нашых краін. Са свайго ўласнага гістарычнага досьведу мы ведаем розьніцу паміж тым, калі ЗША стаялі на абароне сваіх лібэральна-дэмакратычных каштоўнасьцяў, і тым, калі яны гэтага не рабілі. Наш рэгіён пацярпеў, калі Злучаныя Штаты саступілі канцэпцыі “рэалізму” у Ялце, і выйграў, калі ЗША выкарысталі сваю моц, каб змагацца за свае прынцыпы. Гэта было крытычна важна ў часы “халоднай вайны” і пасьля яе, калі для нас былі адчыненыя дзьверы ў NATO. Калі б на пачатку 1990-х гадоў перамогу атрымалі “рэалістычныя” погляды, сёньня мы не былі б ў NATO, а ідэя цэласнай, вольнай і мірнай Эўропы была бы ня больш, чым далёкай марай.

Мы разумеем, што ваша адміністрацыя і вонкавая палітыка ЗША сутыкаюцца з сур»ёзнымі патрабаваньнямі. Мы не жадаем папаўняць ужо наяўны сьпіс праблем. Замест гэтага, мы жадаем дапамагчы ў якасьці моцных праатлянтычных саюзьнікаў у складзе амэрыканска-эўрапейскага партнэрства, што ёсьць уплывовай сілай у падтрымку дабра ва усім сьвеце. Але мы не упэўненыя, якім будзе наш рэгіён праз пяць або дзесяць гадоў, улічваючы ўнутрыпалітычную і зьнешнепалітычную нявызначанасьць, якую мы маем зараз. Сёньня нам трэба зрабіць шэраг правільных крокаў, каб гарантаваць, што трывалыя адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай, якія доўжыліся апошнія дваццаць гадоў, вытрымаюць выпрабаваньне часам.

Мы лічым, што зараз самы час, калі і Злучаныя Штаты і Эўропа павінны паўторна інвэставаць у трансатлянтычныя адносіны. Мы таксама лічым, што зараз самы час, калі Злучаныя Штаты і Цэнтральная і Усходняя Эўропа павінны ізноў аб»яднацца вакол новай і доўгатэрміновай пэрспэктывы. Усьведамляючы ўсе, чаго мы дамагліся за дваццаць гадоў з моманту падзеньня “жалезнай заслоны”, зараз самы час вызначыць новую праграму цеснага трансатлянтычнага супрацоўніцтва на бліжэйшыя дваццаць гадоў.

Таму мы прапаноўваем наступныя крокі:

Па-першае, мы упэўненыя, што сёньня Эўропа патрэбна Амэрыцы, а Злучаныя Штаты патрэбныя Эўропе ня менш, чым у мінулым. Злучаныя Штаты павінны ізноў пацьвердзіць сваё прызначэньне гуляць сур»ёзную ролю ў Эўропе і ясна прадэманстраваць, што зьбіраюцца і далей цесна трымаць свае пазыцыі на кантынэнце, нягледзячы на надзённыя праблемы ў Аўганістане і Пакістане, на Блізкім Усходзе і ў Азіі. Са свайго боку мы павінны працаваць у нашых краінах і па усёй Эўропе, каб пераканаць нашых лідэраў і нашы грамадзтвы заняць больш глябальную пазыцыю і быць гатовымі да большай адказнасьці ў партнэрстве са Злучанымі Штатамі.

Па-другое, патрэбна адраджэньне NATO, якое ёсьць найважнейшым зьвяном бясьпекі паміж Злучанымі Штатамі і Эўропай. Гэта адзіная вартая даверу гарантыя бясьпекі, якая ў нас ёсьць. Паўночнаатлянтычны альянс павінен пацьвердзіць сваю асноўную функцыю калектыўнай абароны у той час як мы адаптуемся да новых пагрозаў 21-га стагодзьдзя. Ключавым фактарам для нашай здольнасьці прымаць удзел у місіях NATO за мяжой ёсьць упэўненасьць у тым, што ў сябе дома мы знаходзімся ў бясьпецы. Таму мы павінны загаіць некаторыя раны з мінулага, якія мы нанесьлі самі сабе. Было памылкай не прыступіць да стварэньня належных плянаў абароны для новых чальцоў, калі адбылося пашырэньне NATO. Альянс павінен зрабіць сваю прыхільнасьць абароне сваіх чальцоў праўдападобнай і стратэгічна супакоіць усіх удзельнікаў. Гаворка ідзе аб варыянтным плянаваньні, папярэднім пазыцыяваньні войскаў, узбраеньняў і харчоў для ўзброеных сілаў нашага рэгіёну на выпадак крызысу, што першапачаткова і было прадугледжана ў Вальным акце NATO-Расея.

Нам таксама варта перагледзець працу Рады NATO-Расея і вярнуцца да практыкі, калі краіны-чальцы NATO вядуць дыялёг з Масквой, знаходзячыся на узгодненай пазыцыі. Калі гаворка ідзе аб Расеі, наш досьвед падказвае, што больш рашучая і прынцыповая палітыка па стаўленьні да Масквы ня толькі узмоцніць бясьпеку Захаду, але і, у выніку, прымусіць Маскву заняць больш згодлівую пазыцыю. Апроч таго, чым у большай бясьпецы мы будзем пачувацца ў рамках NATO, тым прасьцей будзе нашым краінам працягнуць руку Маскве і ўзаемадзейнічаць з ёю па пытаньнях агульных інтарэсаў. Гэта – патрэбны нам двухбаковы падыход, які павінен быць адлюстраваны ў новай стратэгічнай канцэпцыі NATO.

Па-трэцяе, самым далікатным пытаньнем ёсьць заплянаванае Амэрыкай разгортваньне супрацьракетнага шчыта. Па гэтым пытаньні ў рэгіёне існуюць розныя пункты гледжаньня, і насельніцтва нашых краін часта займае процілеглыя пазыцыі. Незалежна ад ваенных пераваг гэтай схемы і канчатковага рашэньня Вашынгтона, гэтае пытаньне, тым ня менш, сталася (прынамсі, у некаторых краінах) знакам надзейнасьці Амэрыкі і яе прыхільнасьці рэгіёну. Тое, як будзе вырашанае гэтае пытаньне, можа аказаць значны уплыў на будучую трансатлянтычную арыентацыю гэтых краін. Невялікая колькасьць ракет, якія плянуецца разьмясьціць, ня могуць стацца пагрозай стратэгічным магчымасьцям Расеі, і Крэмль ведае гэта. Мы павінны вырашыць будучыню гэтай праграмы як саюзьнікі, базуючыся на стратэгічных перавагах і недахопах розных тэхнічных і палітычных канфігурацый. Альянс не павінен дазволіць неабгрунтаванаму процідзеяньню Расеі стаць тым фактарам, які вырашыць лёс супрацьракетнага шчыта. Поўная адмова ад праграмы або уключэньне Расеі ў гэты працэс без папярэдніх кансультацый з Польшчай або Чэхіяй можа аслабіць узровень даверу да Злучаных Штатаў па усім рэгіёне.

Па-чацьвёртае, мы ведаем, што аднаго NATO замала. Мы таксама жадаем і патрабуем большага ўдзелу Эўропы ў палепшаных і больш стратэгічных адносінах паміж ЗША і ЭЗ. Наша вонкавая палітыка ўсё часьцей праводзіцца праз Эўрапейскі зьвяз - і мы падтрымліваем гэта. Мы таксама жадаем мець агульную Эўрапейскую вонкавую і абаронную палітыку, адчыненую цеснаму супрацоўніцтву са Злучанымі Штатамі. Мы адстойваем гэты пункт гледжаньня ў ЭЗ. Але нам патрабуецца, каб Злучаныя Штаты перагледзелі сваё стаўленьне да Эўразьвязу і пачалі больш сур»ёзна успрымаць яго як стратэгічнага партнэра. Нам трэба зьвесьці NATO і ЭЗ разам, каб яны працавалі ў тандэме. Нам патрэбныя агульныя стратэгіі NATO і ЭЗ не толькі па стаўленьні да Расеі, але і па шэрагу іншых новых стратэгічных выклікаў.

Па-пятае, нам неабходна вырашыць пытаньне энэргетычнай бясьпекі. Пагроза пастаўкам энэргарэсурсаў можа аказаць неадкладны уплыў на палітычныя сувэрэнітэт нашых краінаў, у тым ліку і як саюзьнікаў, якія прымаюць агульныя рашэньні ў рамках NATO. Таму гэтае пытаньне павінен стаць трансатлянтычным прыярытэтам. Хоць ЭЗ нясе вялікую частку адказнасьці за энэргетычную бясьпеку, у Злучаных Штатаў таксама ёсьць роля ў гэтым працэсе. Без амэрыканскай падтрымкі трубаправод Баку-Тбілісі-Джэйхан ніколі ня быў бы пабудаваны. Энэргетычная бясьпека павінна стаць неад»емнай часткай амэрыканска-эўрапейскага стратэгічнага супрацоўніцтва. Краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы павінны лабіяваць мацней (і з вялікім адзінствам) унутры Эўропы неабходнасьць дывэрсыфікаваньня крыніц энэргіі, пастаўшчыкоў і транзытных маршрутаў. Мы таксама павінны выступаць на карысьць цьвёрдай юрыдычнай праверкі злоўжываньняў Расеі сваім манапольным становішчам і картэльнай уладай на эўрапейскім рынку. Але амэрыканская палітычная падтрымка гэтых працэсаў будзе гуляць ключавую ролю. Гэткім жа чынам Злучаныя Штаты могуць згуляць важную ролю ў наступным замацаваньні сваёй падтрымкі газаправода “Набука”, асабліва ў тым, што да выкарыстаньні сваіх адносін з асноўнай транзытнай дзяржавай Турцыяй. Акрамя таго, ЗША могуць падтрымаць злучны трубаправод Поўнач-Поўдзень у Цэнтральнае Эўропе і тэрміналы зваджанага газу ў нашым рэгіёне.

Па-шостае, не варта грэбаваць чалавечым фактарам. Нашы наступныя пакаленьні павінны бліжэй пазнаць адзін аднаго. Нам варта песьціць і абараняць мноства адукацыйных, прафэсійных і іншых супольнасьцяў і сяброўскіх адносін, якія ёсьць асновай нашага сяброўства і саюзніцтва. У гэтым стаўленьні візавы рэжым ЗША застаецца перашкодай. Абсурдным ёсьць той факт, што Польшча і Румынія, якіх можна назваць двума найбуйнейшымі і самымі праамэрыканскімі дзяржавамі ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе, і што актыўна спрыяюць ЗША у Іраку і Аўганістане, дагэтуль не уключаныя ў бязьвізавы рэжым. Неверагодна, што такі крытык ЗША, як французскі антыглябаліст Жазэ Баве (Jose Bove), ня мусіць мець візу, каб уехаць у Злучаныя Штаты, а былы актывіст руху “Салідарнасьць” і ўладальнік Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валенса вымушаны яе атрымліваць. Гэтае пытаньне будзе вырашана толькі ў тым выпадку, калі прэзыдэнт Злучаных Штатаў зробіць яго прыярытэтным.

Крокі, праведзеныя намі разам з 1989 гады, нельга назваць маленькімі або няважнымі для гісторыі. Нашы агульныя посьпехі ёсьць правільнай падставай для трансатлянтычнага адраджэньня, якое патрабуецца нам сёньня. Таму мы верым, што нам таксама варта задумацца над стварэньнем Таварыствы Спадчыны (Legacy Fellowship) для маладых лідэраў. З моманту рэвалюцый 1989 году мінула два дзесяцігодзьдзі. Гэта - цэлае пакаленьне. Нам трэба новае пакаленьне, каб аднавіць трансатлянтычнае партнэрства. Варта распрацаваць праграму, якая будзе вызначаць тых маладых лідэраў па абодва бакі Атлянтыкі, здольных рухаць наперад трансатлянтычны праект, на будаўніцтва якога мы выдаткавалі апошнія дваццаць гадоў.

У завяршэньне скажам, што прыход да улады новай адміністрацыі ЗША усяліў у нашы краіны вялікія надзеі на аднаўленьне трансатлянтычных адносін. Гэта - магчымасьць, якую нельга прапусьціць. Мы, аўтары гэтага ліста, на ўласным досьведзе ведаем, наколькі важныя адносіны са Злучанымі Штатамі. У 90-е гады пад разуменьнем Эўропы ўвогуле мелася і разуменьне Цэнтральнай і Усходняй Эўропы. Удзел Злучаных Штатаў быў крытычна важным для замацаваньня міру і стабільнасьці па усім кантынэнце, ад Балтыкі да Чорнага мора. На сёньня задача заключаецца ў тым, каб захаваць Цэнтральную і Усходнюю Эўропу ў ролі стабільнай, актыўнай і праатлянтычнай часткі нашай шырокай супольнасьці.

У гэтым і ёсьць ключ да нашага посьпеху ў справе адраджэньня Альянсу, якога жадае дамагчыся адміністрацыя Абамы, што падтрымліваем і мы. Гэты працэс запатрабуе ад абедзьвюх бакоў новага прысьвячэньня і ўкладаньняў у гэтыя адносіны. Але калі мы усё зробім правільна, узнагарода можа стацца вельмі рэальнай. Зрабіўшы правільныя крокі цяпер, мы можам паставіць нашы адносіны на новую, цьвёрдую апору ў будучыні.

Валдас Адамкус (Valdas Adamkus), былы прэзыдэнт Літвы

Марцін Бутора (Martin Butora), былы амбасадар Славакіі ў ЗША

Эміль Канстанцінеску (Emil Constantinescu), былы прэзыдэнт Румыніі

Павал Дэмеш (Pavol Demes), былы міністар міжнародных адносін і дарадца прэзыдэнта Славакіі

Любаш Даброўскі (Lubos Dobrovsky), былы міністар абароны Чэхіі

Мацьяш Эрш (Matyas Eorsi), былы дзяржсакратар Вугоршчыны

Іштван Дзьярмаць (Istvan Gyarmati), амбасадар, прэзыдэнт Міжнароднага цэнтра дэмакратычных рэформаў у Будапешце

Вацлаў Гавэл (Vaclav Havel), былы прэзыдэнт Чэхіі

Расьціслаў Качар (Rastislav Kacer), былы амбасадар Славакіі ў ЗША

Сандра Кальніетэ (Sandra Kalniete), былы міністар замежных спраў Латвіі

Карэл Шварцэнберг (Karel Schwarzenberg), былы міністар замежных спраў Чэхіі

Міхал Ковач (Michal Kovac), былы прэзыдэнт Славакіі

Ян Красьцеў (Ivan Krastev), кіраўнік Цэнтра лібэральных стратэгій у Сафіі, Баўгарыя

Аляксандр Квасьнеўскі (Alexander Kwasniewski), былы прэзыдэнт Польшчы

Март Лаар (Mart Laar), былы прэм»ер-міністар Эстоніі

Кадры Ліік (Kadri Liik), дырэктар Міжнароднага цэнтра абаронных дасьледаваньняў у Таліне, Эстонія

Янаш Мартань (Janos Martonyi), былы міністар замежных спраў Вугоршчыны

Януш Онышкевіч (Janusz Onyszkiewicz), былы віцэ-старшыня Эўрапейскага парлямэнту, былы міністар абароны Польшчы

Адам Ротфэльд (Adam Rotfeld), былы міністар замежных спраў Польшчы

Аляксандр Вондра (Alexandr Vondra), былы міністар замежных спраў і віцэ-прэм»ер Чэхіі

Вайра Віке-Фрэйберга (Vaira Vike-Freiberga), былы прэзыдэнт Латвіі

Лех Валэнса (Lech Walensa), былы прэзыдэнт Польшчы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?