Фота Уладзя Грыдзіна.

Фота Уладзя Грыдзіна.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі, якога 7 ліпеня Асіповіцкі суд пакараў годам зняволення, абвясціў галадоўку пратэсту ў Бабруйскім следчым ізалятары.

Пра гэта паведаміла маці Арцёма Алена Дубская пасля сённяшняга спаткання з сынам.

Маці распавяла, што 16 ліпеня Арцёма наведала адвакат і яны напісалі заяву на прысуд. Ужо на наступны дзень адміністрацыя следчага ізалятара запатрабавала ад Арцёма, каб ён напісаў заяву з просьбай перавесці яго ў папраўчую калёнію адбываць пакаранне.

Паводле заканадаўства, пакуль не паступяць адказы ад усіх установаў, куды скардзіцца пакараны, ён можа знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Арцём сказаў маці, што захварэў, аднак лекары адмовіліся даваць яму лекі, а адміністрацыя калоніі стварыла для яго жорсткія ўмовы. І ў адказ на гэта Арцём абвясціў галадоўку.

Арцём Дубскі ўжо галадаў нядаўна разам з іншымі прадстаўнікамі апазыцыі на знак салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам,Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам.

Мікалай Аўтуховіч прымаў галадоўку з 16 красавіка па 16 ліпеня.

***

Лідэр Асіповіцкай філіі Маладога Фронту Арцём Дубскі нарадзіўся 1 кастрычніка 1987 г. у Асіповічах. Вучыўся ў сярэдняй школе, пасля скончыў асіповіцкі ліцэй. У Маладым фронце з лютага 2007 года. Неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі і КДБ.

Арцём Дубскі быў пакараны двума гадамі абмежавання волі па «справе 14‑ці». Яго абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія нібыта прывялі да масавых беспарадкаў падчас акцый пратэсту прадпрымальнікаў. 3 сакавіка была распачатая чарговыя крымінальная справа за парушэнне правілаў адбыцця пакарання, калі ён з’ехаў без дазволу ўчастковага інспектара ва Украіну. 7 ліпеня Асіповіцкі суд пакараў хлопца годам пазбаўлення волі за парушэнне правіл адбыцця пакарання ў «справе 14‑ці».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0