Фота Нью-Ёрк Таймс

Фота Нью-Ёрк Таймс

… як і сто гадоў таму. Дэманстранты ў Тэгеране спалілі расійскі сцяг. Піша Сяргей Богдан.
Іранскія дэманстранты кажуць, што напярэдадні апошніх выбараў тамтэйшыя паліцыянты былі абучаныя разганяць дэманстрацыі на адмысловых вышкалах у Расеі. Пасьля таго, як адзін з апанэнтаў Ахмадзінэжада — Кярубі — надоечы паспрабаваў напісаць пра тое ў сваёй газэце, урад спыніў яе выданьне. Гэтая навіна зьявілася на тле таго, як Расея першай з буйных дзяржаў сьвету дэманстрацыйна прызнала «перамогу» Махмуда на выбарах дый выказвае падтрымку іранскаму ўраду ў яго супрацьстаяньні з маніфэстацыямі пратэсту. Вынік — у адказ на афіцыйныя воклічы «Сьмерць Амэрыцы/Ізраілю/Ангельшчыне!» ўдзельнікі пратэстаў у Тэгеране зараз выгукваюць свой лёзунг «Сьмерць Расеі!», а ў гэтую пятніцу пасьля пропаведзі спалілі расейскі сьцяг.

Сёньняшнія падозраньні іранцаў наконт Расеі, якая дапамагае нішчыць іх свабоду, накладаюцца на гістарычныя крыўды тамтэйшага люду ў дачыненьні да вялікага паўночнага суседа. Справа ў тым, што, з аднаго боку, апошнія прынамсі дзьвесьце гадоў гісторыі Ірану — гэта сэрыя эпізодаў расейскай/савецкай экспансіі і акупацыі. Нават іранскі нацыянальны гімн быў напісаны ў адказ на чарговую акупацыю Ірану савецкімі войскамі.

З другога боку, расейскае ўмяшаньне ў Іран ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя набыло надзвычай шырокі размах і мела ня толькі ваенныя формы. Расея адкрыта рабіла ўсё, каб захаваць карумпаваны рэжым неабмежаванай шагскай улады ў Іране — ажыцьцяўляла палітычныя махінацыі, імкнулася праз манаполіі на важнейшыя тавары ўзяць пад кантроль эканоміку, выдавала рабаўніцкія пазыкі двару, уводзіла войскі і гадамі трымала свае гарнізоны ў іранскіх гарадох. Самым баяздольным аддзелам іранскага войска і сапраўдным апірышчам тыраніі былі казакі, сфармаваныя і цягам сарака гадоў камандаваныя расейскімі афіцэрамі.

Іранская манархія і арыстакратыя брала сабе за прыклад расейскую самадзяржаўную дэспатыю Раманавых, а таму ўжо для першых іранскіх нацыяналістаў Расея зьяўлялася ўвасабленьнем тыраніі. Сваім ідэалам падчас Канстытуцыйнай рэвалюцыі 1905‑11 гадоў яны абвесьцілі брытанскі дзяржаўны лад.

Бесперапыннае расейскае ўмяшаньне аж да І Сусьветнай вайны і задушэньне пры актыўнай расейскай вайсковай дапамозе ды ўдзеле царскіх войскаў Канстытуцыйнае рэвалюцыі спрычынілася да таго, што Іран моцна адстаў тады ў мадэрнізацыі і рэфармаваньні ад суседняй Турэччыны. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі расейскі імпэрыялізм набыў «чырвоную» афарбоўку. Сёньня іранцы бачаць за расейскай падтрымкай Ахмадзінэжада ранейшую палітыку Расеі па падтрымцы ворагаў свабоды і прадчуваюць сумныя для іх вынікі чарговай дапамогі з Масквы.

Беларусь таксама пасьпяшалася прызнаць Ахмадзінэжада і дэманструе яму сваю падтрымку. Сьмерці Беларусі, вядома, зычыць ня будуць, аднак, зважаючы на наш статус невялікай краіны, зацікаўленай у эканамічным разьвіцьці, гэтыя рызыкоўныя дэманстрацыі афіцыйнага Менску выклікаюць зьдзіўленьне. Галоўным законам для нас мусіла быць пазьбяганьне палітычных гульняў у краінах па‑за нашым беспасярэднім навакольлем, як Беларусь і рабіла ў Іране з 1993 году і аж да прыходу Ахмадзінэжада. Цяпер ня дзівам будзе, калі пасьля зьмены ўлады ў Іране — што ёсьць даволі верагодным — беларусы тамака страцяць усё.

Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0