Мiнскiя чыноўнiкi больш схiльныя да фармалiзму i грубасцi, чым iх калегi ў рэгiёнах.

Пра гэта сведчаць вынiкi чарговага этапу сацыялагiчнага манiторынгу «Думка насельнiцтва Беларусi аб стане работы па дэбюракратызацыi дзяржаўнага апарату», праведзенага iнфармацыйна‑аналiтычным цэнтрам пры Адмiнiстрацыi прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у красавiку—маi 2009 года.

Вынiкi апытання паказалi, што пры звароце ў дзяржаўныя ўстановы i iншыя арганiзацыi грамадзяне практычна ў два разы часцей сустракаюцца з праяўленнем станоўчых якасцяў работнiкаў, чым адмоўных. Аднак за апошнi год узрасла доля адказаў, у якiх адзначаюцца выпадкi праяўлення работнiкамi дзяржаўных арганiзацый грубасцi, непавагi, раздражняльнасцi. Адпаведна знiзiлася колькасць тых, хто адзначыў станоўчыя якасцi работнiкаў дзяржорганаў, такiя, як тактоўнасць, ветлiвасць, уменне слухаць, добразычлiвасць, паважлiвае стаўленне.

На думку апытаных грамадзян, для супрацоўнiкаў дзяржорганаў Мiнска ў большай ступенi, чым для работнiкаў дзяржустаноў iншых рэгiёнаў,

характэрнае праяўленне ў дачыненнi да наведвальнiкаў такiх адмоўных якасцяў, як фармалiзм, абыякавасць (41,1%), раздражняльнасць (29,5%), грубасць i хамства (18,4%).

Часцей за ўсё сутыкаюцца са станоўчымi якасцямi з боку работнiкаў дзяржорганаў пры звароце да iх жыхары Вiцебскай вобласцi: уважлiвасцю i адказнасцю (65,2%), тактоўнасцю i ветлiвасцю (37,1%), уменнем слухаць i добразычлiвасцю (32,6 %), паважлiвым стаўленнем (37,9%).

Усяго было апытана 1 тыс. 89 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў i старэй ва ўсiх абласных цэнтрах краiны i Мiнску, раённых гарадах i сельскiх населеных пунктах. Статыстычная хiбнасць не перавышае 3 %. Гэта дазваляе сцвярджаць, што вынiкi даследавання адлюстроўваюць думку насельнiцтва краіны ў цэлым.

Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0