На «Беларусьфільме» ідзе падбор актораў на стужку «Масакра». Пра гэта паведаміў сцэнарыст карціны Аляксандр Качан.

«Масакра» – гатычная трагікамедыя жахаў, складзеная па аддаленым матывам «Локіса» Праспэра Мэрымэ.

Дзеянне ў фільме перанесенае ў Беларусь, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага. Акторскі склад гэтага айчыннага хорару яшчэ не зацверджаны, але вядома, якія ў фільме героі – і хто праходзіць пробы.

posterГраф Пазуркевіч – люты ў гневе патомны мядзведзь-пярэварацень, які жадае быць чалавекам – але абставіны гэтаму не вельмьі спрыяюць. Першапачаткова рэжысёр Андрэй Кудзіненка меркаваў аддаць ролю расейскаму актору Аляксандру Дамагараву, які добра валодае польскай мовай. Але граф, найхутчэй, будзе сыграны беларусам.

Cярод нечаканых спашукоўцаў называўся рок-музыка Сяргей Міхалок. У кастынгу браў удзел і Павал Харланчук. Ад пачатку пробы прайшоў адзін з лепшых беларускіх актораў Анатоль Кот, які сыграў у “Акупацыі” Андрэя Кудзіненкі.

Але Анатолю Кату можа быць прапанаваная і гратэскная роля дварэцкага Сігізмунда.

Дварэцкі Сігізмунд – слуга графа цёмнага паходжання, благога выгляду і з гнюснымі звычкамі. Вельмі любіць ставіць п’яўкі.

Акрамя Ката, на пробы запрашаўся Вячаслаў Паўлюць з Купалаўскага тэатру.

Нявеста графа Ганна Казіміраўна – пекная дзяўчына, якая разрываецца паміж плоцевай жарсцю да графа і прыязнасцю да ілжэпрафесара Казанцава.

Гэтая галоўная жаночая роля, як роля ейнае цёткі зарэзэрваваная за польскай актрысай. Імёны актрысаў пакуль не называюцца.

Цётка Ганны – зацятая польская патрыётка, якая навязліва чытае натацыі Ганне і графу. Прэтэндэнтка на загрызанне.

Казанцаў – малады рускі авантурнік, які выдае сябе за навукоўцу. Вельмі захапляецца Пушкіным, што не дадае яму розуму.

Магчыма, ягоную ролю выканае адзін з юнакоў, які граў у “Розыгрышы” Кудзіненкі.

Грышка – кемлівы слуга Казанцава, даведзены да знясілення кухаркаю Веркай. Выканаўца невядомы.

Кухарка Верка – бой-баба, вострая на язык, кроў з малаком. Раскрывае ў фільме тэму беларускай цнатлівасці. Выканаўца невядомая.

Адзін з сама сакавітых персанажаў у фільме – айцец Павал. Айцец Павал – стоены бунтаўнік з атраду Кастуся Каліноўскага. Майстэрскі валодае крыжом і вінтоўкай. Сыпле беларускімі прыказкамі й прымаўкамі. Роля зухаватага бацюшкі прапаноўвалася Аляксандру Колбышаву, які сыграў Штыркіна ў “Акупацыі”.

poster

Анатоль Кот і Аляксандр Колбышаў могуць ізноў сустрэцца на здымачнай пляцоўцы.

Сярод знакавых актрысаў «Масакры» – Святлана Зелянкоўская. Пад яе пішацца роля пані Астроўскай. Астроўская любіць цішком у гасцях нажлукціцца – і з нагоды і без нагоды зладзіць канцэрты. Ейнаму мужу, пану Астроўскаму, неабачліваму аматару мядзведзіны, таксама не пашанцавала.

На графскай сядзібе з мядзвежымі звычкамі падрабязна пазнаёмяцца і два акупанты – злы і ветлівы.

Роля ветлівага акупанта – расейскага генерала, можа быць прапанаваная Юрыю Кузняцову, з якім Андрэй Кудзенка працаваў на фільме «Розыгрыш». Кузняцоў больш вядомы, як міліцэйскі кіраўнік з «Вуліцы разбітых ліхтароў». Але для «Масакры» ён – «смачны кавалак сала ў бярлозе».

Яшчэ гарчэйшая доля ў «рускага фашыста» Бухарына (у дзявоцтве – Батурына). Калі стужка прапаноўвалася рускім прадусарам, тыя са слязамі на вачох умалялі змяніць прозвішча (Батурына, якая, верагодна, вылучаецца найдабрэйшым норавам – жонка маскоўскага мэра Лужкова). На ролю Бухарына прабаваўся літоўскі актор Владас Багдонас, які здымаўся ў карціне Элема Клімава «Ідзі і глядзі».

Зрэшты, Багдонасу ўжо вядомы графскі палац. Ён служыў у сядзібе Жалудок, што пад Лідаю – дзе й будуць адбывацца здымкі.

Маці графа – ведзьма і арыстакратка, якая з кожным кадрам маладзее. Гэты трук быў прыдуманы пад Гражыну Шапалоўскую. Але роля прапануецца беларускай актрысе Аксане Лясной.

Роля сельскага музыкі, які зажыгае на мядзвежым карнавале – пасуе Лявону Вольскаму.

Рэжысёра прыспешваюць, каб ён найхутчэй зрабіў канчатковы адбор. Але Кудзіненка кажа: «Я хачу, каб акторы на ўсе ролі былі падабраны дакладна».

Летам кастынг завершыцца. Увосень пачнуцца здымкі перавертніцкай беларускае готыкі.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?