Налiчвае ён не менш як 100 тысяч насельнiцтва, а месцiцца… у Санкт‑Пецябургу. Выйшла энцыклапедычнае выданне «Беларускі Пецярбург».

I гэта не адзiнае адкрыццё, якое доктар фiлалагiчных навук, загадчык аддзела рэдкай кнiгi Расiйскай нацыянальнай бiблiятэкi, старшыня асацыяцыi беларусiстаў Санкт‑Пецярбурга зрабiў падчас работы над энцыклапедычным выданнем «Беларускi Пецярбург». Журналiсты называюць кнiгу ўнiкальнай,

а сам аўтар — першай спробай прасачыць гiсторыю «ўсходняй», расiйскай дыяспары беларусаў.

А пачалася гэта праца, калi паўночная сталiца Расii рыхтавалася адзначыць у 2003 годзе свой юбiлей. Да святочнай даты адна за адной пачалi друкавацца кнiгi, прысвечаныя нацыянальным меншасцям у Пецярбургу — гiсторыя абшчыны татараў, фiнаў, палякаў, немцаў, асецiнаў, нават французаў… А выхадцы з Беларусi чамусьцi маўчалi, хоць дагэтуль i ладзiлi рэгулярна навукова‑практычныя канферэнцыi «Санкт‑Пецярбург i беларуская культура», паводле матэрыялаў якiх выйшлi ў свет 17 «Беларускiх зборнiкаў».


Мікола Нікалаеў
— Я сказаў сабе: калi не мы, то хто? — узгадвае Мiкалай Нiкалаеў. — Пачаў збiраць матэрыялы i зразумеў, што раблю генiяльнае адкрыццё.

Вынайшаў горад, пра якi не згадваюць падручнiкi па гiсторыi i геаграфii, таму што ён за межамi беларускай этнiчнай тэрыторыi. 100‑тысячны беларускi горад у Санкт‑Пецярбургу — большы па насельнiцтве, чым былi ў той час гарады Вiльня, Беласток, Смаленск, Вiцебск i Мiнск!

Зрэшты, лiчба гэта не абсалютная. У ХIХ стагоддзi ў Пецярбургу пражывала ўсяго каля 20 тысяч выхадцаў з Беларусi, потым iх колькасць вырасла да 40, а там i да 100 тысяч, а ў час Першай сусветнай вайны за кошт бежанцаў дасягнула нават 1 мiльёна чалавек!

— Прычым людзi гэтыя былi не толькi, як нас вучылi ў школе, «пан сахi i касы», — працягвае здзiўляць даследчык. — Я сустракаў падчас працы беларусаў — iнжынераў, артыстаў оперы, навукоўцаў, лекараў вышэйшага класа, адным словам, iнтэлiгенцыю, i было яе надзiва многа.

Цi трэба гаварыць, што да запланаванай даты скончыць працу над кнiгай i выдаць яе не ўдалося. Затое ў вынiку энцыклапедыя, выдадзеная сёлета, ахапiла больш як 300‑гадовы перыяд

i лёсы больш як 2000 выхадцаў з беларускiх земляў, у тым лiку i нашых сучаснiкаў.

Вы ведалi, напрыклад, што сярод нашых слынных землякоў — ураджэнец Вiцебска, славуты оталарынголаг Аляксандр Прусак (у кожнага з нас у вуху ёсць так званая «кiшэня Прусака») i стваральнiк у Ваеннай медыцынскай акадэмii кафедры гiнекалогii, якая абслугоўвала ў тым лiку iмператарскi дом, Эдуард‑Антон Красоўскi — ураджэнец Слуцка? Або што i забойца цара Аляксандра II тэрарыст Iгнат Грынявiцкi, i медык, якi спрабаваў выратаваць манаршую асобу, генерал Багдановiч — абодва родам з Магiлёўшчыны? Цi што беларускi хiрург i анколаг, заслужаны ўрач Расii Мiхаiл Ханевiч выратаваў калiсьцi акадэмiка Лiхачова? А што ўжо ў наш час мiнчанiн Лявон Навасельскi — марак, капiтан I рангу, якi ў свой час перажыў апраменьванне падчас аварыi на падлодцы, выступiў заснавальнiкам i зарэгiстраваў у мэрыi Санкт‑Пецярбурга Беларускае грамадска‑культурнае таварыства, якое цяпер аб’ядноўвае некалькi тысяч чалавек?

«У мяне нават ёсць тэорыя, i яна пачынае жыць, што менавiта беларусы — з таго самага 1 мiльёна бежанцаў, якi сабралiся ў горадзе ў час Першай сусветнай вайны — зрабiлi Вялiкую кастрычнiцкую рэвалюцыю», — хiтра ўсмiхаецца ў вусы аўтар. I гэту тэорыю пакуль што нiхто не бярэцца аспрэчваць, бо пасля гартання старонак «Беларускага Пецярбурга» верыцца ў самае неверагоднае…

Тым больш, што гэта неверагоднае спадарожнiчала кнiзе на ўсiм шляху. Узгадаць хоць бы той факт, што само выданне стала магчымым дзякуючы добраахвотным ахвяраванням пiцерскiмi беларусамi ўласных грошай — ад «сцiплага ўнёску» ў 500 даляраў да 6000, якiя ўклаў цяперашнi паспяховы ўладальнiк заводаў, а ў мiнулым просты хлопчык з Мазыра.

Падтрымку — «маральную, арганiзацыйную i фiнансавую» — здзейснiла i Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

I ўсё адно наклад энцыклапедыi пакуль што вельмi сцiплы — у лепшым выпадку 1000 асобнiкаў.

Цi хопiць гэтага на шырокае кола чытачоў — настаўнiкаў i вучняў, гiсторыкаў i культуролагаў, бiблiятэкараў i музейных работнiкаў, проста ўсiх цiкаўных i дапытлiвых да ўласнай гiсторыi энтузiястаў, тым больш адразу ў дзвюх краiнах?

— Катэгарычна не, — пагаджаецца з маiмi развагамi Мiкола Нiкалаеў. — Рэальна надрукавана яшчэ менш чым 1000 асобнiкаў, але гэта яшчэ толькi заяўка на кнiгу, каб паказаць, што яе можна зрабiць добрую. Я хачу, каб i самi беларусы захацелi выдаць «Беларускi Пецярбург» тут, у Беларусi — для вывучэння гiсторыi, культурных сувязяў, як хочаце.

Паводле слоў намеснiка старшынi праўлення Беларускага грамадска‑культурнага таварыства Санкт‑Пецярбурга Аляксандра Станкевiча, пэўныя захады для «тутэйшага» выдання ўжо зробленыя. На сустрэчы з мiнiстрам iнфармацыi Беларусi Уладзiмiрам Русакевiчам, якому складальнiкi падарылi «Беларускi Пецярбург», такая магчымасць абмяркоўвалася — i цалкам магчыма, што налета энцыклапедыя будзе надрукавана ў нас. А там — хто ведае — магчыма, будзе дапоўнена новымi звесткамi школьная праграма па беларускай гiсторыi i лiтаратуры.

***

Каментарый у тэму

Кiраўнiк арганiзацыi «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская:

— З 2004 года мы заснавалi серыю кнiг, прысвечаных беларускай эмiграцыi, якая называецца «Бiблiятэка Бацькаўшчыны» — ужо ўбачылi свет 17 кнiг па гiсторыi i культуры беларускай эмiграцыi розных краiн, у тым лiку мастацкiя творы, якiя раней не друкавалiся, даследаваннi па гiсторыi i жыццi дыяспары ў Аўстралii, ЗША, на чарзе — Вялiкабрытанiя, Аргенцiна i г.д.

Выданне кнiгi «Беларускi Пецярбург» — я лiчу, гэта ўвогуле прарыў, бо яна можа стаць пачаткам фундаментальнага даследавання беларускай дыяспары ў Расii.

***

Падчас з'езду беларусаў свету кніга прадавалася па 110 тыс. рублёў (заўвага НН).

Вікторыя Целяшук, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0