Сабор Раства Багародзіцы ў Глыбокім, globus.tut.by

Сабор Раства Багародзіцы ў Глыбокім, globus.tut.by

Сёння ў «Gazeta Wyborcza» выйшаў матэрыял Андрэя Пачобута пад назвай «Nieznane groby NKWD».

Аўтар піша пра парэшткі людзей, знойдзеныя на мінулым тыдні ў сутарэннях глыбоцкага сабора Раства Багародзіцы. Журналіст выказвае здагадку, што гэта расстраляныя органамі НКУС грамадзяне польскай дзяржавы. Ён звязвае трагедыю з усталяваннем савецкай улады на далучаных у 1939 г. да БССР тэрыторыях Заходняй Беларусі.

Настаяцель царквы Раства Багародзіцы айцец Сергій Грамыка паведаміў нашаму выданню, што гільзаў побач з касцямі не было. Яго абвяргае мясцовы актывіст руху «За свабоду» Яраслаў Берніковіч. Ён кажа пра гільзы ад пісталету наган, хоць знойдзеныя чарапы прастрэленымі і не былі. Пры масавых забойствах, кажа Берніковіч, не цэлілі ў галовы, а стралялі неразборліва.

«На плошчы за 50 метраў ад сабора бальшавікі ў 1939 годзе зрабілі суд. Таму, верагодна, людзей расстрэльвалі ў сутарэннях царквы. І стрэлаў не было чуваць», — адзначае дэмактывіст.

Пракуратурай Глыбокага праводзіцца следства. Але чалавечыя косці ўжо перазахавалі ў тых самых сутарэннях. У пракуратуры пакуль адзназначна сказаць не могуць, ад чыіх рук загінулі людзі. З вывадамі там не спяшаюцца. Адна з найбольш верагодных версій, што гэта ахвяры нацыстаў.

У прэс‑службе пасольства Польшчы ў Беларусі паведамілі, што яны сочаць за развіццём падзей вакол знойдзеных парэшткаў. І не выключана, што польскія дыпламаты будуць настойваць на правядзенні эксгумацыі.

Нагадаем, што падчас чысткі сутарэнняў сабора ў Глыбокім былі знойдзеныя чалавечыя косці. Агульную колькасць іх не падлічвалі. Але гэта не менш за 20 чалавек.

Сяргей Макарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0