У нядзелю, 19 ліпеня, днём у раённую бальніцу Вілейкі зайшоў мужчына. Падняўся на шосты паверх у рэанімацыйнае аддзяленне, пахадзіў па кабінетах і ў адным з іх з сумачкі медсястры выцягнуў 40 тысяч рублёў.
«Нармальнага чалавека ў тую рэанімацыю ніхто не пусціць, а нейкага прайдзісвета — калі ласка, — кажа намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык. — Ды яшчэ быццам бы для таго, каб наведаць хворага сябра».
Калі злодзей з грашыма выходзіў з бальніцы, медсёстры западозрылі нядобрае. Спынілі яго, выклікалі міліцыю і трымалі да прыезду аператыўнай групы. Міліцыянеры завезлі падазронага ў крадзяжы ў аддзел. Скрадзеныя грошы знайшлі ў… трусах затрыманага.
Вярнуліся ў бальніцу, каб пад распіску грошы вярнуць пацярпелай і… недалічыліся пяці тысяч. Падумалі, што купюра магла выпадкова згубіцца ў машыне, у якой вазілі зламысніка ў аддзел і назад. Абшукалі ўсю машыну, не знайшлі.
Купюра ў пяць тысяч рублёў, скручаная ў маленькі шарык, знайшлася ўрэшце ў кішэні затрыманага. Нейкім чынам ён умудрыўся ў другі раз скрасці і схаваць калі не 40, то хаця б пяць тысяч рублёў.