Прапампоўванне дызельнага паліва на беларускім участку нафтапрадуктавода Унеча — Вентспілс расійскай кампаніяй «Захад‑Транснафтапрадукт» адновяць 23 ліпеня а 23‑й гадзіне.

Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс‑Захад» начальнік прэс‑службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.

Ён адзначыў, што «Захад‑Транснафтапрадукт» сёлета за першае паўгоддзе ліквідаваў 22 дэфекты са 150‑ці, прызнаных крытычнымі. «А з таго моманту, як прапампоўванне было прыпыненае МНС, да сёння ліквідавана 14 дэфектаў. Вынік паказальны», — падкрэсліў сп. Навіцкі.

Паводле слоў прадстаўніка МНС, дата запуску 23 ліпеня вызначаная кампаніяй «Захад‑Транснафтапрадукт», бо акурат цяпер ідзе рамонт трубаправоду.

Раней Інтэрфакс паведамляў, што паводле прэс‑службы ўраду РФ запуск трубы плануецца на 5 жніўня. «Гэта права кампаніі. Ім можа спатрэбіцца болей часу для ліквідацыі дэфэктаў», — пракаментаваў гэтую дату Навіцкі.

У прэс‑службе МНС асабліва адзначылі, што спыненне нафтапрадуктавода і узнаўленне яго працы «ніяк не звязанае з пытаннямі Рассельгасхарчу да беларускіх прадпрыемстваў».

Сітуацыю вакол нафтапрадуктаводу сёння абмяркоўвалі па тэлефоне віцэ‑прэм’еры Беларусі і Расіі Уладзімір Сямашка і Ігар Сечын.

Беларускі ўчастак магістральнага нафтапрадуктаводу Унеча — Вентспілс» эксплуатуецца кампаніяй «Захад‑Транснафтапрадукт», якая ўваходзіць у склад акцыянернай кампаніі «Транснафтапрадукт», уласніка беларускага ўчастку. Гадавы аб’ём транзіту нафтапрадуктаў цераз Беларусь складае каля 10 мільёнаў тон.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0