Аператыўныя мерапрыемствы па недапушчэнні пранікнення ў Беларусь віруса свінога грыпу ўпершыню рэальна праведзены спецыялістамі 22 ліпеня ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» на беларуска‑польскай мяжы.

Як расказаў БелаПАН начальнік прэс‑цэнтра Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка, у 11 гадзін да медыкаў звярнуўся грамадзянін Нідэрландаў, які ўязджаў у краіну разам з двума беларусамі на аўтамабілі «Мерседэс».

Ён паскардзіўся на галаўны боль і павышаную тэмпературу. Іншаземец і яго спадарожнікі былі ізаляваныя,

а затым брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі дастаўленыя ў інфекцыйнае аддзяленне Брэсцкай абласной бальніцы, аўтамабіль — выведзены з агульнага патоку. У 11.05 рух праз «Варшаўскі мост» у абодвух напрамках быў спынены.

У памяшканнях пункта пропуску і «Мерседэсе» была праведзена дэзінфекцыя.

Рух з Беларусі ў Польшчу быў адноўлены ў 12.15, у зваротным напрамку — у 12.55.

У 13.10 з абласной бальніцы паступіла інфармацыя аб тым, што

ў грамадзяніна Нідэрландаў і грамадзян Беларусі захворвання высокапатагенным A/H1N1 не выяўлена.

Як адзначыў Аляксандр Цішчанка, у гэтай сітуацыі ўсе службы працавалі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ і Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Раней алгарытм іх дзеянняў адпрацоўваўся на трэніроўках.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0