Яшчэ ў 1410 годзе ля невялікага мястэчка Грунвальд, што зараз знаходзіцца ў Польшчы адбылася адна з самых вялікіх бітваў Сярэднявечча. Перамога ў гэтай бітве дазволіла спыніць крыжацкую агрэсію на беларускія землі на доўгія 500 год.

І вось зараз рэканструкцыю гэтых падзей, а таксама шматлікія турніры можна было пабачыць 18 і 19 лiпеня на тэрыторыі этнаграфічнага комплекса «Дудуткі».

Распачалося ўсё аб адзінаццатай гадзіне з урачыстага шыхавання ўдзельнікаў фэсту. Прысутнiчалi такiя клубы як: «Секерж», «Белы тур», «Русіч», «Ордэн паўночнага храма», «Алтын Тумен», «Княжы гуф» і інш.

Першым значным мерапрыемствам на фестывалі сталі адзіночныя баі паміж найбольш загартаванымі віцязямі з кожнага клуба.
З фіналам атрымалася цікавая гісторыя. У яго трапілі прадстаўнікі аднаго і тагож клуба «Русіч» — Святаслаў і непераможны Ціхамір Камянецкі. Гледачы ўжо падрыхтаваліся назіраць за захапляльнай лютай сечай, аднак раптам два рыцары паскідалі з сябе шаломы‑шышакі, адшпурнулі ўбок мячы і пачалі абдымацца. Гэта Ціхамір, пераможца 27 турніраў вырашыў па‑сяброўску аддаць праціўніку перамогу ў гонар прысутнай тут маці Святаслава. Рыцарскі ўчынак!

Пасля турніру нехта прылег адпачыць на траве ў зацені, бо спякота стаяла жудасная, а нехта пайшоў аглядаць этнаграфічны комплекс: майстэрні гарбароў, ганчароў, невялікі музей машын, а таксама горад майстроў. Таксама ў перапынку са сцэны слых усіх прысутных лашчылі тры дзяўчыны з гурта «Расалія».

Пасля гэтага адыходзіць ад сцэны не прыйшлося, бо побач з ёю пачаліся пастановачныя баі двух сярэднявечных тэатраў: «Тэатра Берсерк» і «Камандорыі Ордэна паўночнага храма». Дзея праходзіла ў форме спаборніцтва, якое нагадвала тэатралізаваныя бойкі з адмысловым сюжэтам. У спаборніцтве выйграла «Камандорыя», што было вызначана па дацыбелах падтрымкі гледачоў.

Падзеі ішлі імкліва, і вось ужо да адмысловага плота‑перагароджы пачалі збірацца рыцары вершнікі на конны турнір.Усяго ўдзельнічала шэсць чалавек, але самым выбітным быў вершнік французскага строю граф дэ Мантэгю, які прыляцеў на турнір ажно з Сочы. Паверх поўнага пласцінкавага даспеха і кірасы ў яго быў апрануты сіні кот, аздоблены французскімі лілеямі.

Перамогу ж атрымаў рыцар Поль Дэрб’ен, што бліскуча правёў усе чатыры практыкаванні. Акрамя відовішчнага гэштэхту, гэта была «квінціна»,. таксама трэба было пацэліць у намаляванага кабана легкім кап’ем—суліцай, секчы капусту, прымацаваную да трох паляў — галовы ўяўных ворагаў, а таксама былі «скачкі за колцам». Конны турнір быў сапраўдным падарункам усім прысутным, адным з самых яркіх уражанняў фестываля.

Пасля паўзы, падчас якой можна было падмацавацца сырам і маслам мясцовай вытворчасці, пачалася кульмінацыйная падзея першага дня — рэканструкцыя Грунвальдскай сечы. Як і 600 год таму, войскі доўга не пачыналі, але вось літвінскае войска рушыла на праціўніка. Пасля ў яе ўступіла і польскае рыцарства, але хутка было абкружанае часткай войска пад даводцтвам магістра Тэўтонаў, і толькі тылавы удар Вітаўта выратаваў і пераламіў ход бітвы. Перамога!

На гэтым баявая частка першага дня была завершаная і пачалася музычная.

Так скончыўся першы дзень.

Другі дзень пачаўся традыцыйна з турніра лучнікаў.
На пачатку намагаліся проста трапіць у мішэнь, пасля стралялі стоячы спінай да мэты, а таксама з калень, намагаліся пацэліць у намаляваную птушку — фазана. Перамог вольны лучнік Вячаслаў, які змог выбіць усе стрэлы сваёй прыгожай суперніцы па фінале.

У перапынку паміж адборам і фіналам у лучнікаў можна было паназіраць за вялікім хараством — паказам і конкурсам гістарычных касцюмаў XI—XV ст. Перад гледачамі пранесліся: малібосы, коты, хуты, яўлыкі, упелянды, пулены, і іншая медыявальная вопратка і абутак.

Але яны хутка саступілі месца двум прыгожанькім дзяўчынкам‑вершніцам на конях са стайні ў Дудутках, якiя дэманастравалі сваё майстэрства аб’ездкі, вырабляючы вольты і піруэты, а таксама пераадольваючы розныя барьеры.

Перад кульмінацыйным момантам другога дня — масавымі бойкамі рыцарскіх клубаў — бугуртамі, выступіў танцавальны гурт «Філамея». Яго ўдзельніцы пад Турэцкі, Башмачны, Конскі бранты, а таксама Кукас‑дрыкас вучылі танчыць усіх жадаючых.

І вось, нарэшце, бугурты.
Рыцары падзяліліся на пяць партый. Усе партыі па некалькі разоў змагаліся адна з адной. Перад наступамі партыя ВКЛ крычала: «Гэй, ліцвіны — Бог нам раіць!», крыжакі чыталі малітву, укленчыўшы, але перамагла ўсё ж такі партыя шотландцаў, ці шкотаў як некалі іх называлі на нашых землях. Завяршала баявую частку фестывалю спаборніцтва на імправізаваным мосце. Скончыўся ж фестываль вялікім канцэртам з удзелам гуртоў !Кейлі Кёл!, !Пераплуты!, Cornu Copia. «Стары Ольса» і «Літвінтроль».

Таім чынам адбыўся першы фестываль славы беларускай зброі, і гэта было цудоўна!

Яўген Зубовiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0