Міхаіл Саакашвілі вітае рашэнне Беларусі па выкананні законаў Грузіі пры ўездзе сваіх грамадзян на тэрыторыю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і заклікае іншыя краіны пайсці за прыкладам Мінска. Пра гэта паведамляе РІА Новости.

«Беларускі ўрад папярэдзіў сваіх грамадзян аб адказнасці за незаконны ўезд у Абхазію і Паўднёвую Асецію», — сказаў грузінскі прэзідэнт у пятніцу ў сваёй тбіліскай рэзідэнцыі на сустрэчы з парламенцкай большасцю. Ён выказаў задавальненне гэтым рашэннем Мінска, расцаніўшы яго як заслугу прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

«Я не магу не вітаць дзеянні беларускага лідэра, які вырашыў выключыць выпадкі падобнага парушэння (грамадзянамі Беларусі) заканадаўства Грузіі. Гэта з’яўляецца вельмі смелым рашэннем прэзідэнта Беларусі», — сказаў Саакашвілі.

***

Як раней паведамляў БелаПАН, 22 ліпеня МЗС Беларусі «настойліва рэкамендавала» беларусам улічваць палажэнні грузінскага заканадаўства пры планаванні паездак у Абхазію і Паўднёвую Асецію. «Уезд замежных грамадзян у Абхазію і Паўднёвую Асецію дапускаецца выключна з напрамкаў Зугдзідскага і Гарыйскага муніцыпалітэтаў. Пранікненне ў Абхазію і Паўднёвую Асецію з усіх іншых напрамкаў без спецыяльнага дазволу грузінскіх уладаў забараняецца і караецца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Грузіі», — адзначалася ў паведамленні прэс‑службы МЗС.

Заява была зроблена ў сувязі з тым, што стала вядома як мінімум пра двух грамадзян Беларусі, у якіх узніклі праблемы пры ўездзе ў Грузію з‑за таго, што раней яны наведвалі Абхазію без спецыяльнага дазволу.

Расія прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў канцы жніўня 2008 года. Акрамя Расіі незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прызнала толькі Нікарагуа. Грузія ў адказ на гэта разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй і аб’явіла Абхазію і Паўднёвую Асецію акупіраванымі тэрыторыямі.

Адозвы Абхазіі і Паўднёвай Асеціі з просьбай прызнаць іх незалежнасць паступілі ў беларускі парламент у канцы 2008 года; парламенцкія камісіі іх вывучаюць.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0