Сталіцу зноў заліло. Найболей дасталося шматпакутнай Нямізе. Затапіла і станцыю метро Парк Чалюскінцаў, Камароўку, раёны Фінскай запраўкі, Манежу, Партызанскі праспект, дзесяткі іншых нізінаў у розных раёнах. Толькі за паўгадзіны ў сталіцы выпала амаль палова месячнай нормы ападкаў.
Няміга пад вадой. Справа — найстарэйшая ў Менску Петрапаўлаўская царква.
Дом Модаў на гадзіну нібы апынуўся ў Венецыі.
Пажарнікі эвакууюць, фатографы здымаюць.
Ля Гандлёвага дома на Нямізе.
Метро перастала быць бяспечным.
Праспект у раёне Пару Чалюскінцаў.
А гэта - Парк Чалюскінцаў са станцыяй метро.
Камароўка.
Небяспечная сітуацыя на прыпынку «Другое колца». Раён былой фінскай запраўкі.
На Нямізе а 15-й на ходніках вады было па калена, на праезжай частцы — па пояс, а то і па шыю.
Так, пад мастом на праспекце Пераможцаў патоп спыніў маршрутку, што ехала з мікрараёна Сухарава. Узровень вады ў ёй сягнуў вокнаў, і супрацоўнікі МНС вызвалялі людзей з машыны, выносячы дзяўчат і дзяцей на руках.
Спыніліся таксама тралейбусы, з двух тралейбусаў таксама ідзе эвакуацыя.
Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ратуюць людзей на спецыяльных плытах. Некалькім пенсіянерам стала кепска.
Вялікагрузныя машыны, што едуць Нямігай, падымаюць велізарныя водныя хвалі.
* * *
Вада пратачылася на станцыю метро Парк Чалюскінцаў. На станцыях метро «Усход» і «Парк Чалюскінцаў» мінскага метро з прычыны залевы па адным выхадзе, паведамілі «Інтэрфаксу» ў аддзеле унутраных спраў метрапалітэну.
* * *
Як паведаміў НН прэс‑сакратар МНС Віталь Навіцкі, пакуль няма звестак пра колькасць ахвяр стыхіі. Усе сілы скінутыя на тое, каб эвакуяваць людзей з транспарту. У дзяжурную службу пастаянна паступаюць званкі з месцаў здарэння. Самыя вялікія паступствы залевы, паводле ягоных слоў, назіраюцца ў раёне Нямігі.
* * *
Нагадаем, што ўчора моцная залева таксама прывяла да магутнага затаплення Нямігі.
Сёння яна зноў паралізавала рух транспарту па ўсім горадзе.
* * *
Прэс-служба МНС: Ахвяр стыхіі няма
«Больш за 300 чалавек эвакуяваныя і выратаваныя з грамадскага транспарту ды падвальных памяшканняў», — такую інфармацыю агучыў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі. У выратаванні людзей задзейнічана каля 40 адзінак тэхнікі і вадалазная група.
Месцы, якія аказаліся найбольш небяспечнымі падчас залевы: Касцёл святых Сымона і Алены, 1-я і 3-я гарадскія клінічныя бальніцы, ВТБ Банк, станцыі метро «Усход» і «Парк Чалюскінцаў», ТЦ «Пераход».
Інфармацыю пра загінулых МНС абвяргае. Інфармацыя пра патанулага чалавека, здымак якога быў змешчаны у суполцы minsk_by, пакуль не пацвердзілася. Навіцкі патлумачыў гэта тым, што аўтар здымка не назваў месца здарэння, а па здымку яго немагчыма ідэнтыфікаваць.
* * *
Cтанцыі метро «Усход» і «Парк Чэлюскінцаў» былі часова зачыненыя
Дзеля падтаплення былі часова зачыненыя станцыі метро «Усход» і «Парк Чэлюскінцаў» у Мінску. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшы інспектар групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС па ахове метрапалітэна Арцём Гарашэвіч.
Паводле звестак інспектара, станцыя «Усход» была зачыненая на ўваход і выхад з 15.20 да 15.35, станцыя «Парк Чэлюскінцаў — з 15.37 да 16.00. У гэты час цягнікі праходзілі гэтыя станцыі без спынення.
Пагроза падтаплення ўзнікла праз патокі дажджавой вады, якія рынулі ў падземныя пераходы і ў вестыбюлі станцый. Каб вада не трапіла на платформы і на рэйкі, станцыі і былі зачыненыя, патлумачыў Гарашэвіч.
Цяпер мінскае метро працуе ў звычайным рэжыме.
* * *
Паводле прагнозу Белгідрамета, у суботу па краіне будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу па ўсходняй палове дажджы, навальніцы,
у асобных раёнах моцныя ліўні.
Днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы, па поўдні месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Вецер заходні 4—9 м/с, пры навальніцах месцамі парывы да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ноччу плюс 15—21°C, днём плюс 19—25°C, па Гомельскай вобласці да плюс 29°C.