22 ліпеня, адказваючы на пытанні СМІ, намеснік начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандр Лукашэвіч заклікаў беларускіх грамадзян улічваць патрабаванні грузінскага заканадаўства пры паездках у Абхазію і Паўднёвую Асецію. Выказванні прадстаўніка МЗС наконт фактычнага юрыдычнага прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі суверэннай тэрыторыяй Грузіі каментуе Павал Севярынец.

Палітык зазначыў, што «рашэнне Міністэрства замежных спраў адносна прызнання тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі можна вітаць. Выдатна сказана!»

Разам з тым, палітык лічыць, што «прызнанне незаконнасці расейскай агрэсіі ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі — толькі першы крок да сапраўднай незалежнасці Беларусі, — падзяліўся сваім бачаннем Севярынец. — Гандляваць такімі рэчамі нельга. Таму беларускія нацыянальныя інтарэсы ў сферы бяспекі павінны рэалізоўвацца паслядоўна і няўхільна».

Таксама лідэр Беларускай хрысціянскай дэмакратыі агучыў шэраг прапаноў:

«Мы настойваем на наступных кроках па ўмацаванні незалежнасці перад абліччам шантажу з боку расейскіх імперскіх колаў:

1) Дэнансацыю пагаднення аб «саюзнай дзяржаве», АДКБ, Мытнага саюзу і да т.п.

2) Усталяванне цывылізаванай дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Расеяй і, адначасова, дасягненне дамоўленасці аб бязвізавым рэжыме з краінамі ЭЗ.

3) Вывад расійскіх ваенных баз з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

4) Выкананне стандартаў АБСЕ па пытаннях нацыянальнай бяспекі і дэмакратыі».

«Гэта досыць трывалая гарантыя незалежнасці і захавання нацыянальных інтарэсаў Беларусі», — заключыў Павал Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?