Усё пачыналася як бяскрыўдная навальніца, а вылілася ў сапраўдны патоп. За лічаныя хвіліны Няміга ператварылася з вуліцы ў раку. Уся паводка, ад пачатку да кульмінацыі – на нашым відэа:

На ходніках вада стаяла па калена, а на праезнай частцы – дзе па пояс, дзе па грудзі, а дзе і па шыю. На пляцоўцы каля гандлёвага дому «Няміга» сабраўся вялікі натоўп цікаўных ды фотажурналістаў – яны чакалі паўтарэння учорашняй паводкі. Прырода іх чаканняў не падманула.

Неўзабаве па залітай вадой Нямізе маглі праехаць толькі грузавыя «МАЗы», ад якіх ува ўсе бакі разыходзіліся магутныя хвалі, заліваючы ўсё навокал.
Каламутная плынь вады на праезнай частцы была хуткай, нібы ў горнай рацэ – часам было складана ўтрымлівацца на нагах. Асабліва даваліся ў знакі схаваныя пад вадой прыступкі ды яміны – паслізнуцца ды ўпасці было вельмі лёгка.
У нейкі момант стварылася сапраўды небяспечная сітуацыя – вялікая маршрутка захрасла пасярэдзіне вуліцы.
Чатыры супрацоўнікі МНС пачалі выносіць людзей на руках, дастаючы іх праз вокны. Цікавая дэталь: на адным з выратаўнікоў была цішотка з надпісам «МЧС России».

Крыху далей, каля Петрапаўлаўскага сабора, спыніліся два тралейбусы. Іх пасажыраў эвакуявалі на адмысловых плытах.

Не зусім зразумела, чаму рух на Нямізе спынілі гэтак позна, хоць прадугледзець, чым скончыцца навальніца, было нескладана. Таксама выклікаюць здзіўленне кіроўцы, якія на злом галавы спрабавалі праехаць па вуліцы, а ў выніку ў самым літаральным сэнсе сядалі ў лужыну, не шкадуючы сваіх пасажыраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?