На Усходніх могілках Мінска 25 ліпеня адбыўся мітынг, прысвечаны 25-годдзю з дня смерці паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка і кінасцэнарыста Уладзіміра Караткевіча (26.11.1930—25.07.1984).

Як адзначыў мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава, штогод у дзень памяці Караткевіча на яго магіле збіраюцца прыхільнікі творчасці пісьменніка з надзеяй на новае чытанне яго твораў, адкрыццё новага помніка вялікаму пісьменніку і яго невядомых рукапісаў. «Не ўсе творы Караткевіча ўвайшлі нават у збор яго твораў, з чым я сутыкнуўся пры стварэнні серыі малюнкаў да казак Караткевіча», — сказаў Купава. Паводле яго слоў, кожнае новае прачытанне гістарычнага рамана-эпапеі пісьменніка «Каласы пад сярпом тваім», прысвечанага пачатку нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць рускага царызму 1863—1964 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, выклікае «прыліў упэўненасці і аптымізму, натхняе на новыя творчыя ідэі».

У мітынгу ўдзельнічалі пляменніца Караткевіча Алена Сінкевіч і яе муж Васіль Сінкевіч, якія з’яўляюцца захавальнікамі мемарыяльнага кабінета пісьменніка ў яго былой кватэры па вуліцы Карла Маркса, 40, у Мінску.

Сярод знакавых падзей гэтага года, звязаных з творчасцю пісьменніка, Сінкевіч назваў пастаноўку Валерыем Анісенкам спектакля паводле рамана «Каласы пад сярпом тваім» у Дзяржаўным тэатры беларускай драматургіі, а таксама пераклад на рускую мову рамана Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», зроблены кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Беларускага дзяржуніверсітэта Пятром Жаўняровічам.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да магілы Караткевіча, выканалі духоўны гімн «Магутны Божа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?