Падземны пераход на прыпынку «Другое кальцо» быў цалкам пад вадой.
Ліўневай каналізацыяй Мінска зоймецца Адміністрацыя прэзідэнта. «Прынята рашэнне аб комплексным абследаванні ўсёй ліўневай сістэмы горада Мінска»,— паведаміў у эфіры Першага канала 24 ліпеня памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску Анатоль Калінін.
Паводле яго слоў, запрошаны незалежныя эксперты. «Правядзем маніторынг і зробім захады для таго, каб мінімізаваць праблемы з падтапленнем у горадзе Мінску», — заявіў Калінін.
У выніку моцнай залевы днём 24 ліпеня ў Мінску (раён абсерваторыі) выпала 56 мм ападкаў, што складае амаль 62% месячнай нормы, а ў раёне аэрапорта «Мінск‑1» — 77 мм (85%), паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры. Зафіксаваны таксама град дыяметрам 1 см.
Паводле інфармацыі прэс‑сакратара МНС Віталя Навіцкага, у сталіцы было падтоплена больш за 50 участкаў вулічна‑дарожнай сеткі, што прывяло да спынення руху транспарту. Некаторы час не працавалі станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» і «Усход».
Выратавальнікі адпампоўвалі ваду з будынкаў першай і трэцяй гарадскіх клінічных бальніц, касцёла Святых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці, універсама «Рублёўскі» на Нямізе.Было затоплена мноства размешчаных у цокальных паверхах у гэтым раёне кафэ, майстэрняў і кватэр. Поўнасцю апынуўся пад вадой падземны пераход на 2‑м кальцы. Колькасць пацярпелых ад вады аўтамабіляў налічваецца сотнямі.
У ліквідацыі наступстваў стыхіі ўдзельнічала 42 адзінкі тэхнікі і каля 200 супрацоўнікаў МНС, якое было пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Напярэдадні ў цэнтр горада была перадыслацыравана вадалазная выратавальная служба. З зон затаплення выратавана і эвакуавана больш за 300 чалавек.