Прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падверг рэзкай крытыцы будаўнічую галіну, якая мела стаць лакаматывам, які выцягне эканоміку з крызісу, дзякуючы шчодрым дзяржаўным датацыям.
«Дзе праца ў дзве‑тры змены? У Мінску працуюць у тры змены? У чым прычына такога правалу?» — грымеў Сяргей Сідорскі 28 ліпеня на пасяджэнні Савета міністраў..
Ён асабліва падкрэсліў невыкананне планаў будаўніцтва ў сталіцы. «Мы ўсё далі: грошы Мінску далі, будматэрыялы ёсць, персанал таксама. Якія яшчэ праблемы трэба рашыць для Мінска?» — задаў пытанне кіраўнік ураду.
Прэм’ер‑міністр звярнуў увагу на незадавальняючыя тэмпы разгрузкі складоў прадпрыемстваў Мінбудархітэктуры. Неабходна дасягнуць нарматыву складскіх запасаў не больш за 20%.
«Будматэрыялы трэба прадаваць на кожным вуглу: з машын прадаваць, завозіць тым, хто будуе, выдаваць крэдыты, актыўна выдзяляць участкі пад будаўніцтва.
Толькі тады ўсё разбяруць і прынясуць грошы ў банк», — перакананы прэм’ер.
Сяргей Сідорскі таксама спыніўся на нізкіх аб’ёмах знешняга гандлю і экспарту будаўнічых паслуг.
«Дзе і ў якіх тэндэрах на будаўніцтва за мяжой вы ўдзельнічаеце? Што не ідзе, дзе можа дапамагчы ўрад?» — спытаў ён.
«У тры змены не працуем, склады не разгружаюцца, надзелы не нарэзаныя, людзям, хто хоча будавацца, будматэрыялы ніхто не завозіць. Вось гэтыя пытанні трэба вырашыць», — резюмаваў беларускі прэм’ер.
«Мы вызначылі, што будаўнічая галіна — лакаматыў эканомікі, які павінен цягнуць усе галіны. Тады будзе рэалізаваны і метал, і трубы, і бетон, і цэмент», — дадаў кіраўнік ураду. У той жа час у будаўнічай галіне зроблена шмат, але планавалася яшчэ болей.