Упершыню я пабачыў на свае вочы Петрыкаўскую царкву ў 2003 годзе. Храм, якi фармальна з’яўляецца помнiкам архiтэктуры рэспублiканскага значэння, хоць i быў у страшэнным занядбаннi, вельмi ўразiў мяне: трохсотгадовы зруб, аўтэнтычная дранка, арыгiнальныя выразаныя на дошках крыжы… Царква стаiць на гарадскiх могiлак, пахаваннi падступiлi да яе на метр‑паўметра. Падыходзячы да сцен, цяжка не наступiць на магiлу…

Храм, якому каля 330 гадоў, перастаў дзейнiчаць у 1969 годзе. З таго часу ён паступова адыходзiць у вечнасць, чапляючыся за рэчаiснасць спачатку крыжом, пасля рэшткамi барабана (гэта абрынулася два гады таму), пасля дранкай… Могiлкi засаджаныя дрэвамi, таму царкву не бачна з дарогi — i ёй няма як дакрычацца да людзей, да вернiкаў, чые дзяды i прадзеды былi тут ахрышчаныя…

У час апошняга моцнага ветру дах царквы не вытрымаў стыхii i чалавечай абыякавасцi — i цалкам абрынуўся ўнiз. Застаўся стаяць зруб, якi яшчэ можна ўратаваць. Але рабiць гэта нiхто не збiраецца.

Каб зразумець чаму, я тэлефаную галоўнаму архiтэктару Петрыкаўскага раёна Анатолю Фурсу. Ён тлумачыць, што яшчэ ў 2006 годзе быў гатовы праект аднаўлення царквы. Аднак нi ў 2007‑м, нi ў 2008‑м, нi ў гэтым годзе з мясцовага бюджэту не было выдаткавана нi капейкi на ратаванне храма. Грошы знайшлiся на ўсё: на пабудову дамоў, на рамонт даху ў Доме культуры, на iншую «сацыялку»… Вядома, жывым людзям грошы больш патрэбныя, чым памiраючаму храму…

— Анатоль Уладзiмiравiч, апошнiя гады ваша ўнiкальная царква планамерна разбураецца: спачатку абрынуўся купал з крыжом, затым барабан, цяпер вось — дах з дранкай. Гэтая царква — помнiк архiтэктуры рэспублiканскага значэння. Чаму нiхто не прыкладае намаганняў, каб захаваць храм?

— Вы ўсё кажаце слушна, i я цудоўна ўсё гэта разумею, — уздыхае Анатоль Фурса. — Пытанне, як гэта часта бывае, стала ў грошах… Я ў Петрыкаве жыву ад 1985 года. Ужо тады царква была закiнутая i занядбаная, але ж аднавiць можна было. Асноўная ж прычына ў тым, што ўжо тады ўшчыльную да царквы падступiлi магiлы — нават перад самым уваходам. I калi паўстала пытанне, што рабiць, то прыйшлi да высновы, што на тым месцы нiчога не зробiш — не прымусiш i не ўгаворыш людзей перанесцi 40 магiлаў! Мы параiлiся i з вобласцю, i з Мiнкультам, i вырашылi перанесцi царкву на 100 метраў убок — там ёсць вольнае месца. I аднавiць яе там, практычна адбудаваўшы наноў, паводле абмераў старой царквы. Праект нам зрабiла «Праектрэстаўрацыя» з Мiнска. У канцы 2006 года праект быў гатовы. З Мiнiстэрства культуры да нас нават прымацавалi архiтэктара Iванчанку.

Але стала пытанне аб фiнансаваннi, i да гэтай пары — нiяк…

— Анатоль Уладзiмiравiч, стоп. Адбудаваная нанова царква, нават такая самая з выгляду, — гэта муляж, а не помнiк архiтэктуры!

— А што рабiць, калi там усё пагнiло?..

— У свеце ёсць тэхналогii, якiя дазваляюць захоўваць нават 700‑гадовыя драўляныя будынкi!..

— Дык мы будзем выкарыстоўваць элементы…

— Якiя?

— Ну вось, напрыклад, з царквы звалiўся старадаўнi крыж, дык мы яго захавалi — ляжыць у нас у аддзеле культуры. Будзем i iншыя элементы выкарыстоўваць, якiя магчыма… Усё гэта зразумела наконт муляжа,

але аднаўляць там няма чаго…

Напрыканцы размовы Анатоль Уладзiмiравiч паабяцаў арганiзаваць школьнiкаў i правесцi суботнiк — пачысцiць царкву, абрынутыя элементы перанесцi на захаванне ў надзейнае месца.

Iншы, здавалася б, зацiкаўлены бок — праваслаўная царква. Мясцовы святар айцец Васiль робiць шмат для парафii — ад 1990 года адрамантаваў Нiкольскую царкву i адрадзiў Уваскрэсенскую — за савецкiм часам там была кавярня… Аднак да трохсотгадовага драўлянага храма рукi не дайшлi…

— Айцец Васiль, у «Звязду» звярнулiся петрыкаўцы з трывогай за свой унiкальны храм. Я хачу разабрацца — цi сапраўды да яго нiкому няма справы, цi сапраўды ўсе так i будуць назiраць, пакуль ён абрынецца?

— Ён ужо абрынуўся… Вецер быў, буран быў — усё пазносiла.

— Але ж зруб яшчэ стаiць…

— А якi сэнс са зруба?

— Але ж гэта стары, праваслаўны храм! Чаму вы не хочаце яго аднавiць?

— Мы хочам! I робiм, што можам на сваiм узроўнi. Але ж гэта помнiк архiтэктуры i культуры. З Мiнiстэрства культуры прыязджалi, фатаграфавалi, мералi яго. Гэтая царква знаходзiцца ў гарадской камунальнай уласнасцi. Вось i тэлефануйце альбо старшынi райвыканкама, альбо ў камунальныя службы.

— Айцец Васiль, але ж пасля распаду Саюза праваслаўная царква здолела вярнуць сабе большасць храмаў. Чаму з гэтым сталася так?

— А ў вас грошы ёсць аднаўляць?

— Але ж iншыя храмы вы аднаўляеце!

— Што можам, тое можам! Але калi ў 1992 годзе насельнiцтва раёна было 46 тысяч, то цяпер 36. Адкуль браць сродкi — усё ж аднаўляецца на грошы прыхаджанаў! А аддзел культуры не выдаткоўвае нi капейкi.

— Але ж, каб правесцi элементарную кансервацыю, шмат грошай не трэба!

— Вы журналiст, а не будаўнiк. Добра вам на словах вiнавацiць некага, айца Васiля…

***

Кожны з бакоў па-свойму мае рацыю. I нiхто пакуль што не прыкладае рэальных намаганняў, каб уратаваць унiкальнейшы храм, найцiкавейшы помнiк беларускага драўлянага дойлiдства. Напэўна, калi на месцах няма магчымасцi клёку i iмпэту для гэтага, пра гэта павiнна паклапацiцца дзяржава. Бо Петрыкаўская царква — багацце не толькi Петрыкава, i нават не толькi Гомельшчыны.

КАМЕНТАРЫЙ ЭКСПЕРТА

Гiсторык архiтэктуры, магiстр мастацтвазнаўства Сяргей Харэўскi ўспрыняў навiну пра абрушэнне царквы вельмi балюча.

— Гэта абсалютна ўнiкальны аб’ект, найрадзейшы прыклад драўлянай архiтэктуры ў стылi барока! — кажа спадар Харэўскi. —

Гэтая царква — самае старое драўлянае збудаванне на ўсiм Усходнiм Палессi, на ўсёй Гомельшчыне. Больш на Гомельшчыне падобных цэркваў не захавалася — i праз пажары вайны, i праз пазнейшы атэiстычны вандалiзм…
Пабудавана яна як стараверская, паводле паданняў, у канцы ХVІI стагоддзя ў гэтак званай Аголiцкай пустынi, у вёсцы Сотнiчы на Петрыкаўшчыне. Пазней, ад 1746 года дзейнiчала як унiяцкая. У 1836 годзе яе перанеслi ў Петрыкаў на могiлкi — бо ў Петрыкаве не было праваслаўнага храма. Гэты будынак i стаў першай праваслаўнай царквой у Петрыкаве. Збудаванне вельмi моцнае, з высокiм барабанам званiцы. Яна даўно была ў неналежным стане… I гэта фiксавалi розныя навукоўцы, даследчыкi, проста неабыякавыя людзi, былi праблемныя артыкулы ў дзяржаўнай i недзяржаўнай прэсе… Гэта значыць, рухнула яна не знянацку, усё да гэтага iшло… Тут нельга спадзявацца толькi на праваслаўную абшчыну. Ратаваннем i захаваннем такiх унiкальных аб’ектаў павiнна займацца, мяркую, дзяржава — як захавальнiца нашай нацыянальнай спадчыны. I калi на месцы не патрэбны такi ўнiкальны аб’ект, то Мiнiстэрства культуры мусiла, вiдаць, акуратненька разабраць гэты зруб i перавезцi, скажам, у Строчыцы — Музей народнага побыту. Я думаю, для бюджэту гэта не было б вялiкiм цяжарам — прыслаць рабочых, пранумараваць бярвенне, пагрузiць на грузавiк — i завезцi на грузавiку ў музей… Цяпер, дарэчы, адбываецца цiкавая рэч — Беларусь падае ў ЮНЕСКА дзеля Спiсу сусветнай спадчыны комплексны аб’ект — «Драўляныя цэрквы Палесся». Але чыноўнiкi прапануюць туды «гатовенькае» — дагледжаныя цэрквы. Дагледжанасць якiх — заслуга святароў, прыхаджанаў, мясцовых жыхароў. Дык вось, гэта мы падаём у ЮНЕСКА, а паралельна побач разбураюцца больш унiкальныя храмы, якiм патрэбна неадкладная дапамога… Калi ў дзяржавы няма цяпер грошай на аднаўленне нейкага храма — яго трэба хоць бы закансерваваць да лепшага часу — на гэта шмат грошай не трэба…

Глеб Лабадзенка, фота аўтара і Алеся Калеснікава, Звязда

Подпісы да здымкаў

1. Так храм выглядаў на пачатку 1990‑х. Здымак з энцыклапедыi «Архiтэктура Беларусi». Менавiта там пазначана, што «Петрыкаўская царква — помнiк архiтэктуры рэспублiканскага значэння».

2. Выгляд царквы ў 2003 годзе. Усё яшчэ на месцы — улучна з унiкальным старадаўнiм крыжом.

3. 2007 год. Купал з крыжом абрынуўся. Астатняе трымаецца.

4. 2009 год. Увесь дах абрынуўся ў храм. Сам зруб працягвае дажываць свае днi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0