Лес — наша багацце. Гэта не парожняя фраза. Сёлета ў нашых лясах нарасло багата чарніц, і, каб трохі прыдбаць грошай люд кінуўся на збіранне дзікарослых.

Але збіранне часта і ўсё болей набывае варварскія формы. Пераважная бальшыня зборшчыкаў ужывае для збору чарніц адмысловыя грабянцы. Налета пасля такіх грабянцоў ягад не будзе, бо яны аблузваюць разам з пладамі і лісце. Экалагічная служба робіць рэйды, штрафуе за грабянцы. Надоечы злавілі ў ягадніку з такім агрэгатам нават дырэктарку школы, далі мільён штрафу, але тая, кажуць, праз карупцыйны ланцужок здолела знізіць памер кары да трыццаці тысяч.

Другая бяда — засмечванне лесу пластыкам з бутэлек. Ніхто не забірае іх з лесу назад. Калі так будзе далей, то пляшак праз колькі гадоў будзе болей, чым ягад. Тут ужо трэ штрафаваць гандаль за неарганізацыю збору каштоўнай сыравіны і жорсткага смецця.

Варварскіх зборшчыкаў багата, экалагістаў мала. Дзе ж гэнае славутае «патрыятычнае выхаванне» і ягоны плён?

Мікола Бусел, Дуброва

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0