У мiнулую суботу Брэст святкаваў свае 990‑я ўгодкi. Да гэтай даты быў адкрыты помнiк, якi чамусьцi называецца «1000‑годдзю Брэста».

Помнiк сапраўды грандыёзны — тут i князь Уладзiмiр Васiлькавiч, i вялiкi князь Вiтаўт, i дзяржаўны дзеяч Мiкалай Радзiвiл Чорны, а таксама тры зборныя вобразы — фiгуры Мацi, Жаўнера i Летапiсца. Наверсе помнiка анёл‑абаронца трымае крыж.

Абапал помнiка змешчаныя 12 бронзавых дошак, на якiх коратка напiсаная гiсторыя горада. Выкананыя надпiсы па‑беларуску. Iх сэнс вельмi добры — гэта сапраўдны гiмн любiмаму гораду. Аднак…

Літары «ў» там няма ў прынцыпе, гэта значыць, усе 70 разоў, якія павінна быць літара «у нескладаовае» там стаіць «у доўгае».

А гэта — грубая арфаграфічная памылка. Ёсць і іншыя моўныя недахопы. Падрабязныя здымкі надпісаў мы перадалі кандыдату філалагічных навук Юрасю Бушлякову.

— Я выкладаў на фiлфаку БДУ, i за «у нескладовае» паводле правiлаў знiжаецца адзнака. У школе таксама гэта лiчыцца за памылку. А на цэнтралiзаваным тэставаннi адымаецца цэлы бал — бо гэта паўнавартасная арфаграфiчная памылка. Тое самае, што ў рускай мове напiсаць «ш» замест «щ» — i сказаць, што «у нас рысачкi не было ў шрыфце». Апроч таго, на дошках ёсць i iншыя памылкi. Напiсана «Днепра‑Бугскi», а трэба «Дняпроўска‑Бугскi», напiсана «асвЯчана», а трэба «асвЕчана», напiсана «аб БерасцЕ», а слушна — «аб БерасцI»…

Калi б студэнт дапусцiў столькi памылак, ён атрымаў бы нуль балаў!..

Цi яшчэ. Летапiсец на помнiку трымае ў руках кнiгу, дзе пазначаны арганiзатары ўсталявання помнiка. Дык вось, нават прозвiшча старшынi гарвыканкама там напiсанае з памылкай: па‑руску замест «ПалышЕнков» значыцца «ПалышИнков». Перахрысцiлi i скульптара — спадар АндрЫюк стаў АндрЭюком.

У Брэсцкiм аблвыканкаме пра памылкi ведаюць.

— Яшчэ за 15 хвiлiн да адкрыцця помнiка была склiкана нарада з удзелам намеснiка мiнiстра культуры спадара Рылаткi, — кажа Леанiд Несцярчук, галоўны спецыялiст па ахове гiсторыка‑культурнай спадчыны Упраўлення культуры аблвыканкама. — Там быў складзены пратакол, дзе зафiксаваныя ўсе памылкi i ўказана на неабходнасць тэрмiнова iх выправiць. Мяркую, што такое адбылося праз спешку —

праект помнiка зацвярджалi 11 разоў, таму рабiлася ўсё ў апошнi момант.
Але ўсё выправiм.

Глеб Лабадзенка, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0