Калі хто кажа пра мапы ў інтэрнеце, ён кажа пра Google Maps. Гэта найпапулярнейшы сервіс з процьмай магчымасцяў — спадарожнікавымі здымкамі, пракладкай маршрутаў, пошукам адрасоў, крамаў і фірмаў і мноствам іншага. Што праўда, Беларусі гэта не тычылася. Краіна выглядала белай плямай, на ейнай мяжы абрываліся шляхі, а ад гарадоў былі бачныя адно перыметры.
Ды ад сёння пляма Беларусі стала больш пярэстай — Google дадаў дарог. Пакуль без назваў, пакуль дзе густа, а дзе пуста (Мінск, прыкладам, разлінаваны звышпадрабязна, а ў Віцебску няма большасці вуліц), пакуль без пракладкі маршрутаў. Але нават у такім ананімным выглядзе карыстацца сусветнай інтэрнет-мапай беларусам будзе не так нудна, як дагэтуль. Дый больш падстаў, пачуўшы А, чакаць ад Google’а, калі ён скажа Б(і).