Большасьць жыхароў Лунінеччыны жыве з клубніцаў. Рэпартаж Сямёна Печанка.

У Лунінцы, што на Берасьцейшчыне, ёсьць і чыгунка, і прамысловасьць якая-ніякая. Але жывуць тут людзі не з афіцыйных заробкаў, якія хутчэй ёсьць дадаткам да кароткатэрміновага сэзоннага, аднак вызначальнага прыбытку. Зарабляюць тут на ягадах. А таксама на гародніне і бульбе, што родзяць у гэтых мясьцінах выдатна.

Калгасны пачатак

Лунінец справядліва ўважаецца за трускалкавы край. Трускалкі тут зьявіліся ў 80-я гады. Спачатку імі займаліся мясцовыя калгасы. Новая культура была шматабяцальнай: пясчаныя глебы для яе больш спрыяльныя. Кармавыя ж культуры тут здавён не давалі ўраджаю, таму і жывёлагадоўля ў гэтай мясцовасьці займае далёка ня першае месца. Мясцовыя жыхары ўзгадваюць тыя часы без настальгіі: «Ганялі на поле ўсіх садзіць тыя вусы». Так, без асаблівага энтузіязму, калгасныя трускалкавыя палеткі праліпелі пэўны час. Людзі па старой звычцы расьцягвалі навінку па сваіх гародах. Там справа нечакана пайшла нашмат лепш, і вельмі хутка знайшліся тыя, хто скеміў, што на клубніцах можна нават зарабляць. Калгаснае кіраўніцтва таксама гэта сьцяміла, таму калгасьнікам забаранілі працаваць на ўласных падворках у працоўны час, нават тады, калі рабіць і не было чаго.

Рэкет

На той час асабістае аўто мела далёка ня кожная сям’я, таму на продаж часьцей за ўсё езьдзілі на цягніках ды аўтобусам. Тым ня менш, геаграфія гандлёвых ваяжоў уражвае: вазілі ў Магілёў, Віцебск, Маскву, Бранск. Зазвычай ехалі двое дарослых, везьлі два корабы ягадаў па 150 кг кожны. З павелічэньнем колькасьці прыватнага транспарту пашыралася і геаграфія продажаў. Лунінецкія гандляры добра вывучылі і беларускі рынак: у буйных гарадох ніхто не стаіць на рынку, адразу едуць у багатыя прамысловыя раёны, дзе людзі, не асабліва таргуючыся, бяруць ягады на сочыва дзясяткамі кіляграмаў.

Зьявіліся і тыя, хто пачаў зарабляць на клубніцах не гнучы сьпіну ў гародзе: хто не дзяліўся – рабавалі ў начных цягніках і на рынках, здымалі ды рэзалі колы ў легкавіках. Рэкет неўпрыкмет зьнік у сярэдзіне 90-х, калі большасьць гандляроў перасела на ўласныя колы, а іх колькасьць зрабіла зусім не эфэктыўным кантроль за гандлёвымі шляхамі.

Толькі лянівы ходзіць пешшу

Сёньня каля 90% лунінецкіх сем’яў займаюцца трускалкамі і бульбай, якая таксама няблага родзіць тут і на роўных канкуруе зь ягадамі. Сярэдняя сям’я ўрабляе ад 20 да 50 сотак ягадніка. Ня мець пры двары хоць які ўчастак зь ягадамі – выразная прыкмета дэградацыі альбо сур’ёзных праблемаў са здароўем. Працавітыя людзі маюць тут зусім неблагі прыбытак – толькі за сэзон пры памысным раскладзе можна зарабіць некалькі тысячаў даляраў. Большасьць з тых, хто жыве зь ягадаў, маюць два легкавікі – на кожны дзень і на выезд.

Кошт самастойнасьці

Амаль усе прадаюць свой тавар самастойна, але з кожным годам расьце доля тых, хто прадае ягады камэрсантам-перакупшчыкам. І гэты рост хутчэй за ўсё будзе на карысьць апошніх. Пра рэкет усе амаль забыліся, аднак, як і ў войску дзедаўшчына, ён набыў іншыя формы. На рынках, куды возяць свае ягады ўласьнікі, найлепшыя месцы раскупленыя, і канкурэнты-перакупшчыкі не пакідаюць ім шмат шанцаў – самыя аддаленыя куты рынкаў застаюцца за тымі, хто ніяк не адмовіцца ад самавывазу. «Калі ўбачыш каго з карабамі ў самым цёмным месцы, ведай, гэта той, хто сам сваю ягаду і прывёз», – кажуць мясцовыя.

Закупачныя кошты ў нарыхтоўчых канторах і ў камэрсантаў адрозьніваюцца ўдвая, як, зрэшты і патрабаваньні да якасьці прадукцыі. Дзяржава прымае дробныя, зь сьмецьцем ягады па 700 рублёў за кілё (кошт не зьмяняецца ўжо каля 4 гадоў), камэрсанты ж даюць 1200–1500 руб., але пераглядаюць кожную ягаду. Да 1995 г. і дзяржаўныя, і камэрцыйныя ўстановы скуплялі ягады па даляры за кіляграм; прадаючы самастойна, можна было выйграць 0,5–1 даляр звыш таго. Надзвычай кароткі тэрмін захоўваньня ягадаў дае нагоду нарыхтоўшчыкам зьбіць цану – нідзе ня дзенецца гаспадар: ноч ягада пастаіць, пусьціць сок, страціць таварны выгляд, і яе ўжо ніхто ня купіць. Сем’і, што займаюцца бульбай, наадварот дыктуюць умовы нарыхтоўшчыкам, пераважная большасьць якіх – расейцы. Аднак бульба патрабуе памяшканьня для захоўваньня і не дае такой хуткай аддачы.

Зьніклая радыяцыя

Каб здаваць ягады, трэба мець даведку пра ўтрыманьне радыянуклідаў і нітратаў. Здаючы ўраджай на завод, трэба ўлічваць кісьліннасьць сыравіны, якая ня мусіць перавышаць 8,5 адзiнкі, чаго на ўзроўні прымітыўных прысядзібных тэхналёгіяў дамагчыся часта немагчыма. І гэта робіцца падставай для розных маніпуляцыў з боку пэрсаналу пункту прыёму – ягады бессаромна заліваюць вадою, падганяючы кісьліннасьць да патрэбнага ўзроўню, атрымліваючы тое-сёе з гэтых няхітрых апэрацыяў. Сталыя ягаднікі прыгадваюць, як на пачатку 90-х час ад часу даводзілася высыпаць ягады ў прыдарожны пыл, не прайшоўшы радыямэтрычнага кантролю. Дзіўным чынам на гэтую праблему амаль забыліся, хоць пэрыяд паўраспаду 137-га цэзію складае 30 год, а забруджваньне глебаў на Лунінеччыне часам дасягае пяці кюры. Тут на гэта кажуць, што з кантралёрамі, якія таксама ласыя да ягадаў, трэба сябраваць.

У чаканьні лепшага

Раённыя ўлады спрабуюць кантраляваць трускалкавы бізнэс, вызначаючы аб’ёмы паставак ды турбуючы прыватнікаў зь перакупшчыкамі. Пры гэтым перапрацоўчая прамысловасьць у раёне гібее. Як і адмысловыя памяшканьні для захоўваньня прадукцыі, якія прастойваюць, бо ніхто з прыватнікаў не павязе сюды ўвесь ураджай, каб не афішаваць рэальны памер патэнцыйнага прыбытку. Усе ж трымаюць нібыта невялікія прысядзібныя ўчасткі.

Гадуюць клубніцы, ня надта зважаючы на тэхналёгіі і сэлекцыю: мінімум выдаткаў, ніякай хіміі, пра польскія ці галяндзкія гатункі большасьць і слухаць ня хоча. Кажучы мовай агранаміі, займаюцца масавым індывідуальным адборам – пакідаюць лепшыя кусты, выдаляючы ўсё старое і хворае. Канкурэнцыя між сваімі не выходзіць далей за рэдкія начныя вылазкі ў суседзкі гарод па лепшыя кусты. Неахвотна, нават зусім, ня дзеляцца добрымі месцамі збыту. Непрададзеныя трускалкі кормяць курам.

Празь неразьвітую інфраструктуру і адсутнасьць спрыяльных умоваў раён шмат страчвае. Мясцовыя землі вельмі спрыяльныя для гародніцтва і садаводзтва. Тут добра родзяць і памідоры, і морква. Добрыя растуць маліны ды чарніцы ў мясцовых лясох. Усё гэта, калі дадаць, што ніхто з гандляроў зусім ня ўлічвае сярод выдаткаў кошт ручной працы, такой нятаннай на Захадзе, стварае неблагі эканамічны патэнцыял для будучыні рэгіёну.

Значэньне трускалак у падвышэньні ўласнага дабрабыту знайшло адлюстраваньне на гербе лунінецкай вёскі Дварэц. Залаты колер, на якім разьмешчаныя ягады, сымбалізуе багацьце вёскі, разьмешчанай паблізу міжнароднай аўтатрасы Берасьце-Гомель, з адзіным пакуль у раёне аб’ектам прыдарожнага сэрвісу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?