Залевы, залевы, залевы. Яны ідуць бясконца, наводзячы на шалёную думку — ці не пачаўся новы сусветны патоп? Фельетон Лёліка Ушкіна.
Цэнтр Мінску. Тут стаіць каўчэг. Каля трапу вялікая чарга. Чыноўнік уважліва сочыць, каб на борт не трапіў які заяц.
Падыходзяць жанчына і мужчына.
Чыноўнік: Вы хто?
Мужчына: Пухавіцкія забойцы.
Чыноўнік: Так, пашукаем вас у спісе пасажыраў (чытаючы спіс): псіхолаг, прынц, практолаг, пухавіцкі забойца… Ага, ёсць! Добра. Наступны.
Падыходзіць наступная пара.
Мужчына: Мы прадстаўнікі электарату .
Чыноўнік: Так, глядзім у спіс. Ёсць. На борт, пліз. Стоп. А што гэта ў вас у рукзаку? Пладова‑ягадны напой «Садочак»? Вы чыталі інструкцыі? Там жа ясна напісана — з сабою браць не больш за літр. Так, я разумею, што вандраваць 40 дзён. Не паложана…
Мужчына (звяртаючыся да жанчыны): Слухай, можа, нахран гэты каўчэг? Пайшлі, яшчэ паспеем узяць.
Чыноўнік: Пачакайце! Як жа так? Вы не можаце адмовіцца… Ладна. Толькі піць выключна ў каютах.
Мужчына і жанчына падымаюцца на палубу.
Чыноўнік (сам сабе): Парушэнне, а што рабіць: без электарату мы не адбудуем моцную і квітнеючую Беларусь.
Чуецца першы гудок.
Падыходзіць мужчына.
Чыноўнік: А ты чаго адзін? Цытую дырэктыву «Аб патопе»: на каўчэг будуць узятыя па два найлепшыя прадстаўнікі кожнай прафесіі, каб пасля патопу не толькі развязаць дэмаграфічнае пытанне, але і захаваць працоўныя традыцыі.
Мужчына: Справа ў тым, што я драпавы берэт, а драпавых берэтаў у спадніцах ніколі не было.
Чыноўнік: М‑да, сітуацыя. А ў вас ёсць нейкі сябра, які таксама ўладальнік берэта?
Мужчына: Ну ясна! Братэла мой! Разам на Каўказе зараблялі. Васем завуць.
Чыноўнік: Супер! Мяняйце яму пол. Возьмем як Васіліну.
Мужчына збягае. Гучыць другі гудок.
Да чыноўніка падыходзіць яшчэ адна пара.
Мужчына: Здарылася нейкая памылка. Мы — найлепшыя знаўцы дзяржаўнай ідэалогіі. Шматвектарнасць, стабільнасць, бюракратыя не пройдзе і ўсё такое. Нас спачатку абралі, а потым чамусьці выкраслілі.
Чыноўнік: Так. Справа ў тым, што на каўчэг бяруць толькі найлепшых. Нашто ім мазгі пудрыць. Замест вас мы ўзялі парачку байкераў.
Мужчына і жанчына: Злітуйцеся! Мы не хочам паміраць.
У чыноўніка звоніць мабільнік.
Чыноўнік: Так, Ной Рыгоравіч, слухаю. Пасадка амаль завершаная. Што? Навошта апазіцыянераў? А каб, калі што якое, было на каго… Супер ідэя! Тым больш што ў мяне ўжо ёсць кандыдатуры. Слухаюся! (звяртаючыся да ідэолагаў). Гэй, вы! Нам тут трэба два нячэсныя. Калі згодныя, шуруйце на карабель.
Мужчына і жанчына, скандуючы «Не — наменклатурнай прыватызацыi!», бягуць па трапе.
Чуецца трэці гудок.