bild.de

bild.de

28‑гадовы беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб задаволены вяртаннем у нямецкі «Штутгарт».

«Добра апынуцца тут ізноў, таму што гэта мой дом, — заявіў футбаліст на прэс‑канферэнцыі ў штутгарцкім гатэлі «Ле Мерыдзьён», паведамляе сайт каманды. — Штутгарт і клуб — гэта мая радзіма. Тут у мяне шмат сяброў, і я хачу ў гэтай выдатнай атмасферы чагосьці дабіцца. У «Штутгарце» пачалася мая кар’ера, і гэты пераход выклікае шмат настальгічных пачуццяў».

«Я хачу заваёўваць тытулы і спадзяюся, што гэта магу зрабіць разам са «Штутгартам», — сказаў гулец.

Спартыўны дырэктар клуба Хорст Хельт заявіў, што займець Глеба было няпроста. «Я рад, што трансфер атрымаўся і мы забралі Глеба дадому», — заявіў прадстаўнік «Штутгарта», які гуляў з Глебам у першай палове 2000‑х гадоў. Паводле слоў Хельта, перамовы аб пераходзе беларуса пачаліся тры месяцы таму.

«Алекс дапаможа нам дасягнуць пастаўленых мэтаў, — перакананы галоўны трэнер «Штутгарта» Маркус Бабель. — Ён добра ўпісваецца ў нашу сістэму. На яго могуць раўняцца маладыя гульцы».

У новым сезоне Глеб будзе гуляць у «Штутгарце» на правах арэнды.

30 ліпеня нямецкі клуб падпісаў кантракты з гульцом і іспанскай «Барселонай», якой належаць правы на беларускага легіянера. У мінулым годзе Глеб перайшоў у «Барселону» з англійскага «Арсенала», аднак не змог замацавацца ў асноўным складзе каталонцаў. За «Штутгарт» Глеб выступаў у 2000—2005 гадах (137 матчаў, 13 галоў). У апошнім чэмпіянаце Германіі каманда заняла трэцяе месца.

Са Штутгарта Глеб адправіўся ў Барселону, каб уладзіць «некаторыя фармальнасці».

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0