Вільня. Старадаўняя сталіца ВКЛ — сярэднявечнай беларускай дзяржавы. Цэнтр беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Тут, у літаратурным асяродку «Нашай Нівы» на чале з братамі Луцкевічамі, нарадзіўся «праект Беларусь», пачатковым этапам якога стала абвяшчэнне БНР з БССР, а канчатковым — утварэнне суверэннай Беларусі. Аднак

сёння беларуская прысутнасць у Вільнюсе, сталіцы незалежнай Літвы, незаўважная няўзброенаму воку.

У суперпапулярным турыстычным дапаможніку па горадзе слыннага літоўскага літаратара, прафесара Йельскага універсітэта ЗША Томаса Венцлавы яшчэ можна сустрэць згадкі пра «Нашу Ніву», Купалу з Коласам ды некаторых іншых беларусаў. Аднак у ангельскім перакладзе кнігі нас называюць па‑савецку Byelorussians (заміж Belarusians), а на паліцах кнігарняў побач з літоўска‑, ангельска‑, расійска‑ і польскамоўнымі даведнікамі беларускамоўных няма.

Калі аднойчы я прыглядалася да акварэлек з відамі горада на знакамітай мастакоўскай галерэі ля царквы св. Мікалая, адзін з аўтараў пачаў з імпэтам тлумачыць, якія гістарычныя аб’екты выяўлены на карцінах: «Вострую Браму беларусы яшчэ трохі пазнаюць, але звычайна не ведаюць дзе што».

Беларусы не ведаюць Вільні, і яна іх не надта цікавіць.

Так, цяпер там месціцца выкінуты з Беларусі Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, які сёлета выпусціў першых віленскіх бакалаўраў. Аднак беларускай мовы на вулках усё адно не чуваць, хоць значны адсотак карэннага віленскага насельніцтва — этнічныя беларусы. Многія з іх прылічваюць сябе да палякаў, іншыя, як і 100 гадоў назад, да тутэйшых. Адзін знаёмы распавядаў, як ад віленскай пары сярэдніх гадоў без ценю іроніі пачуў: «Мы тутэйшыя». Большасць жа тых, хто прызнае ў сябе беларускае паходжанне, у побыце карыстаецца расійскай мовай.

«Радзіна маёй маці з Гомельшчыны і Магілёўшчыны, але беларусам сябе не лічу. Напэўна, грамадзянінам свету, — распавядае пры знаёмстве ля брамы касцёла св. Барталамея (ці не адзінага, дзе адпраўляюцца рэгулярныя службы па‑беларуску) хлопец гадоў 25. Па‑расійску ён гаворыць упэўнена, але з малавыразным акцэнтам. — Вось вярнуўся дамоў пасля трох гадоў навучання за мяжой і адчуў, што Вільнюс — самы любы горад».

Змірыцца са стратай

Беларускія літаратары па‑ранейшаму цешаць сябе далучанасцю да Вільні. «Нам кажуць: Вільня цяпер чужая, і мы тут чужыя, бо Вільня — адрэзаная луста. Але што можна адрэзаць ад крыві, ад памяці, ад душы? Вільня, бадай, тая самая, што і заўсёды, — горад, дзе няма чужых, а ёсць іншыя. Мы — іншыя», — летуценіць з Вільні першы рэдактар адроджанай «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец.

«Для беларуса Вільня як была, так і засталася сталіцаю, толькі не палітычнай і не адміністрацыйнай, не навуковай і не гаспадарчай… Вільня — артыстычная сталіца.
Яна — сталіца для мастакоў і паэтаў, для літаратараў і гісторыкаў культуры», — запэўнівае з Мінска літаратар Адам Глобус.

Аднак беларускія вернікі ладзяць пілігрымкі ўжо не да Маці Боскай Вастрабрамскай, а да Маці Божай Будслаўскай.

Маладая генерацыя беларусаў не ўяўляе сталіцу Беларусі нідзе, апроч Мінска.
«Пазбавіўшы Беларусь Вільні, кіраўнікі расійскай дзяржавы пакінулі нас без магутнага гістарычнага аплоту, па сутнасці, адрэзаўшы ад заходняй цывілізацыі і шматвяковых еўрапейскіх традыцый,
— распавёў у інтэрв’ю TUT.BY доктар гістарычных навук Захар Шыбека. — Але, нарэшце, трэба змірыцца са стратай Вільні, бо ў палітыцы не бывае гістарычнай справядлівасці».

…І стаць беларусамі

«Беларусы маюць адну супольную з літоўцамі рысу: яны марудныя, але могуць змяніцца за некалькі дзён. І гэтая перамена можа адбыцца нават больш удала, чым ва Украіне, бо Беларусь меншая і больш маналітная за яе краіна», — пісаў чатыры гады таму Томас Венцлава. Але для таго, каб прагноз знакамітага літоўца спраўдзіўся, варта выканаць умову, агучаную на нядаўнім з’ездзе беларусаў свету шведскім амбасадарам Стэфанам Эрыксанам: «Перш чым пачуваць сябе еўрапейцам, для пачатку трэба стаць беларусам».

Чаму Вільня не стала нашай?

З кнігі Цімаці Снайдэра «Рэканструяванне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569—1999 гг.):

«Паводле перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ў 1897 г., у Віленскай губерні на беларускай размаўляла больш жыхароў, чым на ўсіх астатніх мовах разам. У Віленскай, Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях — памежных тэрыторыях гістарычнае Літвы — па‑беларуску размаўлялі тры чвэрці насельніцтва. У ХХ ст. гэтая «этнічная супольнасць» не стварыла мадэрнай нацыі. У параўнанні з літоўскім і польскім паспяховым досведам параза беларускай ідэі дапамагае зразумець, што ўсё ж такі трэба нацыянальным рухам для перамогі. Калі б поспех залежаў ад вернасці традыцыям Вялікага Княства ці ад колькасці носьбітаў мовы, беларусы мелі б больш падставаў для аптымізму, чым усе астатнія. Няўдача беларускага руху — вынік выпадковага збегу грамадска‑палітычных абставінаў, які не вытлумачыць з гледзішча тэорыі нацыяналізму».

Ганна Сайкоўская, Тут і цяпер; скарочана

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0