Вярхоўны суд не адмяніў прысуду Брэсцкага абласнога суду ў дачыненні да супрацоўнікаў «Медтэхнікі» на чале з дырэктарам Станіславам Нарывончыкам. Пінская кампанія пастаўляла ў Беларусь спісаную медтэхніку. У тым ліку дэфібрылятары — прыборы для аднаўлення працы сэрца. Махляры падраблялі год выпуску.

У сакавіку гэтага году іх абвінавацілі ў здзяйсненні махлярства арганізаванай групай у асабліва буйных памерах. Паводле абвінавачання, яны фальсіфікавалі дакументы і рэалізоўвалі бальніцам медтэхніку невядомага паходжання і непрыдатную для выкарыстання. Выпадак рэдкі ў крымінальнай практыцы і, бадай, адзіны ў крымінальнай практыцы Беларусі. Следства скончылася, але пытанні пакуль засталіся.


С. Нарывончык

Крымінальная справа была заведзена ў чэрвені 2007 году. Органы следства заявілі, што фірма, якой кіраваў Нарывончык, сфальсіфікавала і рэалізавала на тэрыторыі Беларусі 315 адзінак медыцынскай тэхнікі, «загадзя непрыдатнай да эксплуатацыі». У спісе значыліся дэфібрылятары — прыборы для ўзнаўлення сардэчнага рытму, дэзінфікавальнае абсталяванне, апараты для перарывання цяжарнасці, для карэкцыі дзіцячай касавокасці і інш. Паводле следства, агулам абвінавачаныя завалодалі грашовымі сродкамі на суму больш за 300 мільёнаў рублёў.

Дзяржабвінавачанне выявіла схему, паводле якой працавала «злачынная група»: яны скуплялі за мяжой спісаную медтэхніку і пасля яе «амалоджвалі». Ставілі больш позні год выпуску, а дакументы падраблялі. Такім чынам, абсталяванне прызнавалася прыдатным да эксплуатацыі і прадавалася беларускім медыцынскім установам.

Следства ўсе 315 адзінак тэхнікі апячатала. Зараз паводле рашэння суду іх павінны знішчыць. Аднак некаторыя бальніцы просяць пакінуць абсталяванне, бо нічога лепшага наўзамен не маюць.

Банда ці адзіночкі?

Спрэчным момантам у гэтай справе з’яўляецца той факт, што Нарывончыку і ягоным супрацоўнікам інкрымінавалі здзяйсненне злачынства «ў складзе арганізаванай групы». Такое абвінавачанне абцяжвае віну. Бок абароны спрабаваў давесці, што дзеянні абвінавачаных не былі звязаныя адзіным намерам і ніхто не абгаворваў умовы ажыццяўлення злачыннай дзейнасці, таксама не размяркоўваўся і прыбытак ад рэалізацыі вырабаў са змененай тэхнічнай дакументацыяй.

Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду

Пінская «Медтэхніка» была найбуйнейшым пастаўшчыком танных апаратаў, пра што сведчылі ў судзе водгукі дзесяткаў лячэбных установаў. Дарэчы, інкрымінаваная тэхніка са змененымі пашпартамі за той перыяд склала менш за 1% таваразвароту.

Створанымі Нарывончыкам фірмамі праз розныя падаткі ў бюджэт адлічаліся тысячы даляраў у дзень. Сёння праз канфіскацыю маёмасці фірма фактычна падлягае знішчэнню. Некалькі сотняў людзей страцяць працу. Не дапамагло Нарывончыку і тое, што ён не раз прызнаваўся ўладамі найлепшым прадпрымальнікам Брэстчыны і краіны ў сферы медабсталявання.

У судзе абвінавачаны Нарывончык прызнаў сваю віну. Але толькі ў тым, што недагледзеў за падначаленымі, якія падраблялі дакументы. Абарона сцвярджае, што нельга сказаць, нібыта сама тэхніка была сфальсіфікаваная. Паводле паказанняў працаўнікоў, якія падраблялі дакументы (у чым прызнаваліся ў судзе), ніякіх зменаў у тэхніку ніколі не ўносілася. Рэалізаваная тэхніка, эксплуатацыя якой працягвалася да 6 гадоў, паспяхова функцыянавала і ніколі не выклікала нараканняў з боку дактароў і пацыентаў.

«Органы не памыляюцца»

Адвакаты асуджаных да апошняга спадзяваліся, што Вярхоўны Суд зменіць рашэнне Брэсцкага суду.

Адвакат Станіслава Нарывончыка В.Сазанчук мяркуе, што ў справе пінскай «Медтэхнікі» спрацаваў прынцып «Органы не памыляюцца»: «Наколькі я разумею, у свой час кіраўніку дзяржавы было дакладзена, што, маўляў, гандлявалі былым ва ўжыванні, непрыдатным хламам . І кіраўнік дзяржавы не мог не сказаць: «Разабрацца і пакараць». І я б на яго месцы так сказаў. Але калі разабрацца, што гэта не зусім так, што ўсё злачынства толькі ў тым, што змянілі пашпарт, інструкцыю па эксплуатацыі, — згладжвае справу адвакат. — Усе тэхнічныя параметры засталіся тымі ж, толькі год у ёй змянілі. Дык трэба суадносна караць за гэта, калі ў гэтым ёсць склад злачынства, а не за нейкі крадзеж, якога і блізка тут няма. Гэтая справа ў свой час была ўзбуджаная намеснікам генеральнага пракурора зусім па іншым артыкуле, па артыкуле 250 «Прадстаўленне недакладнай інфармацыі пра тавары», які б дазволіў выйсці з сітуацыі, што і органы не памыляюцца, і ў той жа час людзі не пакараныя за тое, чаго не здзяйснялі».

Сазанчук мяркуе, што сваю ролю магла адыграць і рэзалюцыя, дадзеная былым міністрам унутраных справаў Уладзімірам Навумавым. На дакументах, звязаных са зваротам Нарывончыка да кіраўніка дзяржавы з просьбай спыніць у дачыненні да яго крімінальны пераслед, Навумаў напісаў «Нахабнік».

Пасля таго звароту да прэзідэнта былі дадаткова затрыманыя яшчэ двое супрацоўнікаў фірмы.

У той жа час Аляксей Багамазаў, былы супрацоўнік «Медтэхнікі» выступаў у Вярхоўным Судзе з просьбай пакінуць прысуд без зменаў.

«Навошта хлопца саджаць у турму?»

Акрамя Станіслава Нарывончыка розныя тэрміны абмежавання свабоды атрымалі яшчэ пяцёра супрацоўнікаў фірмы: ад абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову (такі прысуд вынеслі Багамазаву, які спрыяў следству) і 3, 6 і 8 гадоў пазбаўлення свабоды іншым.

На паседжанне Вярхоўнага Суду прыйшла маці аднаго з асуджаных Юрыя Каліноўскага, які атрымаў 3 гады ўзмоцненага рэжыму: «Ён менш за ўсіх прапрацаваў на гэтай працы… І насамрэч ніякай банды там не было, ніякай змовы… Юра вучыўся ва універсітэце… Тое, што ён подпісы ставіў, многія яго подпісы — нават следчы сам казаў — былі падробленыя. Калі ён вінаваты, то хоць бы які‑небудзь штраф далі, хоць умоўна яго пакаралі. Навошта хлопца саджаць у турму?»

Гэты каментар маці Ю.Каліноўскага давала карэспандэнту «НН» 24 ліпеня. 26 ліпеня жанчыны не стала — не вытрымала сэрца.

Адвакаты асуджаных не здаюцца і збіраюцца накіроўваць скаргі ў парадку нагляду ў Вярхоўны Суд.

Цяпер галоўнае следчае ўпраўленне МУС расследуе яшчэ адну справу ў дачыненні да саўдзельнікаў, дзякуючы якім пінская «Медтэхніка» нібыта мела надзейнае прыкрыццё «зверху». У зону ўвагі трапляюць некаторыя чыноўнікі і прадстаўнікі органаў. Ці скончыцца гэта судовым працэсам — невядома. А варта было б.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0