Крочыш Лябірынтам эмоцый. Памятаеш, што гэта тваё працоўнае месца? Пусты калідор пусты. У актавай залі гучыць павольная музыка і анёльскія сьпевы.

    У цішы над зямлёй

    У эфіры начным

    Голас чысты гучыць –

    Так пяе херувім.

Песьня на словы Зянона Пазьняка. Пасярод зімы, наваротаў дзяржаўнай ідэалёгіі і прыправак да Крымінальнага кодэксу. Іррэальнасьць – наша Радзіма. Нібыта дзяўчынка Аліса, ты хочаш адкусіць кавалачак чароўнага грыба, абы хоць нешта перамянілася – ці то навокал, ці то ў табе самім. Нічога не мяняецца. Толькі іррэальнасьць множыцца ў такіх прагрэсіях, што ня сьнілася ні Фройду, ні Бабкову. Без «Хазарскага слоўніка» нікуды.

Штодзённы шлях праз торжышча. Сёньня ён аздабляецца монаспэктаклем кветачніцы. Яна тэлефануе свайму пэрсанальнаму Чапліну, разоў сорак згадвае ўсходнеславянскае слова на літару «х», спрабуючы пры гэтым дзьверы сваёй крамкі. Манерна стукае ў іх нагой. Мінакі сьмяюцца. Але ты чамусьці пэўны, што празь якіх 18 гадзін у яе з Чаплінам усё будзе добра.

Ці будзе штосьці добрае ў цябе, бадай, ня ведае сам усёмагутны Алаг. Бо ад добрага лепшага не шукаеш. Бо на простыя рашэньні не наважваесься. Дык жа зусім эгаістычна адпрэчваеш тых, хто не спазнаў узаемнасьці, пасьмеўшы займець ласку да цябе. «Давай пасьля Лябірынту сходзім куды-небудзь», – прапаноўвае адна. Што можаш адказаць на гэта? Нічога. Якімі думкамі пра шчасьце падзяліцца? Ніякімі. Бо шчасьце, бо долю ня ў гэтым ты бачаш. А шчасьце, а доля – гэтая прывабная дзяўчынка – глядзіць табе ў вочы, усьміхаецца і дасылае чарговую эсэмэску пра «нармалёк» ці «дасягнуты эфэкт». І большай уцехі душы не патрэбна. Бо ілюзорнасьць, бо іррэальнасьць.

А праўда якая? Шэрая ў бліскаўках. Даведваесься, як двух тваіх шчасьлівых сяброў кідаюць іх дзяўчаты. Кідаюць зьнянацку, дарма што ўсё ў іхніх стасунках здавалася аж занадта стабільным. «Я відзеў душы стабільныя», – уздыхнуў бы на новы лад клясык. Ты ж нават і слоў ніякіх для падтрымкі не знаходзіш. Многага ня скажаш. Асабліва не супакоіш. Вялікія хлопчыкі самі ўправяцца з часовым клопатам адзіноты. Хлопчыкі ня плачуць. Адзін знойдзе сабе чулую студэнтку-старшакурсьніцу, другі – харошую настаўніцу, аматарку карпаратыўных вечарынак. І ўсё будзе супэргут і фантастыш. Пакуль жа фантастыкай глядзяцца раптоўныя кветкі ад іншых маладажонаў ля помніка Кірылу Тураўскаму ў цэнтры твайго гораду. І зайздрасьць даймае з тае прычыны, што падобную традыцыю запачаткаваць давялося не табе. Ты ж знаеш, у каго трэба набываць кветкі, каб ужо дакладна па-ўсходнеславянску выйшла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0