1

Я пішу табе зь цемры – выдаткі работы.

Мой кампутар шалее, пачуцьці – таксама.

Безь цябе пражываю жыцьцё зь неахвотай:

дай, галубка, мне, ныю, хаця б тэлеграму,

каб я мог дацягнуць да наступнае дозы,

каб глядзець на людзей не з агідай, а жалем.

Напляваць на выгоды, прыбытак, ролз-ройсы,

абы ты на мае не паклала скрыжалі.

2

Я – арфэй, славаблуд, мацюгальнік заўзяты –

у памежнай правінцыі краю абсурду,

час і розум губляючы ў порна і чатах,

паратунак знаходжу у словах. Заўсёды

ў палюбоўным разладзе з быцьцём і сабою

ўсё адно пакахаць, нібы лох, цябе здолеў.

Не люблю, маё сонца, здавацца бяз бою:

пагуляйма – памучым сваю неспатолю!

3

Гутэнтак, майнэ кляйнэ вандроўная котка!

У Бэрліне – лагода, а ў нас тут – шыза:

кормяць пернікам і – не шкадуючы – плёткай

(пра яе нехта Фрыдрых цудоўна казаў).

Падарожжы ёсьць ежай душы: азірніся

і спазнаеш дагэтуль нязьведаны драйв.

Нават я тут, у пекле, на дне, самым нізе

сузіраю цікаўна татальны раздрай.

4

Мне няма што сказаць, я маўчу. Ў маім целе

ані кроплі сіл, у душы – распад.

Каб забыцца, нырцую у радыё- й тэле-

акіян. Падкажы мне дарогу назад.

Мой тупік – безаблічныя лёгкія будні,

што мяне прыручаюць, ад жарсьцяў і сноў

адлучыўшы. Мой час – надта брыдкі ды брудны.

Ажыві сваёй явай жыцьцёвае шоў.

5

О, марлен мая, дытрых, зіма ўжо мінула,

а мы ўсё паасобку – ты нешта сьпяваеш,

я ж, па звычцы, – маўчу, ні да чога ня чулы,

акрамя як да словаў ды рымаў. Ці марыш

адрачыся ад слабасьцяў й непастаянства,

што заносяць пад скуру ўтрапеньня хваробу?

Самі пекла сабе й паслухмяная паства;

мы з табою – бадзягі нязнанае пробы.

6

Вось ізноў забухалі сябры ды суседзі,

ў карнавалах сьвяточных знайшоўшы ратунак

ад сябе і ад бліжніх. Ці ты, мая лэдзі,

гэтаксама нявечыш свой розум і шлунак?

Захавайма сваёй бесклапотнасьці лёхі,

дзе – душа, а ня дух забрадзілага збожжа.

Весялосьці і торчу няма ані трохі

ў іхнім ціхім і патрыярхальным бязбожжы.

7

Новы мэр паказаў сябе вельмі прыстойным.

Пані М. падарылі кватэру й каляску.

У Багдадзе й Нью-Ёрку усё неспакойна.

Адчынілася крама «Кансэрвы й кілбаскі».

Вось калаж: ён рэальны, таму й бессэнсоўны.

Бы паштоўка зь любога зь пяцёх кантынэнтаў.

Маёй памяці мех скарбам гэтакім поўны.

Ты ж – зьнішчаеш яго кожнай ночы дашчэнту.

8

Кансьпіратар уласных параз і жаданьняў,

як люблю я прачнуцца адзін у кватэры –

смакаваць цыгарэту гадзінаю раньняй,

слухаць лялечак злых у айчынным этэры;

аддавацца кароткім шчасьлівым імгненьням,

у якія ты човен паўзьверх акіяну;

піць гарбату й сачыць, як паўзуць па калене

і цяплом спавіваюць праменьні-ліяны.

9

Паказальна-узорны ансамбль алькаголікаў,

што ад бару нуды да рыгалаўкі радасьці

несупынна дрэйфуе, мяняючы столікі

й, нібы пляшкі, – гады. Да найглыбшага дна дайсьці,

калі ўсё ўжо сваё, – вось уцеха адзіная.

Іраністы, юрліўцы, гульцы апантаныя...

У хмяльным віртуале чароўнай ундзінаю

ты прыходзіш і ўміранасьць дорыш жаданую.

10

Як табе ў Бангкоку, тайляндзкія цуды

ці даюць асалоду вачом, ці ўзрушэньне

робіць вэрхал у думках? Між нашых спарудаў

фіг ты фарбаў такіх сузірацьмеш браджэньне.

Там ты, котка, свабодная ў дзеях і словах,

што тубыльцам тамтэйшым, напэўна, да сракі.

Зрэшты, як і тутэйшым. Вэрбальны мой сполах

не пакінь без адказу – дашлі фатакарткі!

11

Шмат прывабнага маюць былыя калёніі:

сэксуальнасьці слодычы, пошапт архаікі...

Там калі і канаеш, дык толькі ў агоніі.

У далёкіх мясьцінах шалёнай арганікі

заўважаеш на тварах знаёмыя прыцемкі

(іх і ўдома хапае ў вачох суайчыньнікаў).

Занясі ўсё ў свае штовячэрнія зацемкі,

у маленькі ноўтбук падарожнага кініка.

12

Завучыўшы на памяць ўсе сутры і мантры,

ты нарэшце вяртаесься з доўгіх ваяжаў.

Як сустрэне цябе твая родная кантры?

Ці ўсьцешыцца вока знаёмым пэйзажам?

Доўгі сон. За акном – пыл і гул аўтабану.

Ты гатовая здохнуць з нуды або грыпу.

Але гэта мінае, й ты зноў закахана

і з азартам глядзіш на насьценную мапу.

студзень – сакавік, 2006

Фота Ірыны Дарафейчук

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0