Пасярэднікі выведзены з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі Беларусі.

Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 991 «Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 28 ліпеня. Тэкст дакумента размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з пастановай юрыдычныя асобы з гэтага часу павінны набываць тавары (за кошт уласных, пазыковых сродкаў і сродкаў бюджэту) толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, або ў іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Пералікі афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, у якіх юрасобы змогуць закупляць тавары, будуць зацвярджацца рэспубліканскімі і мясцовымі органамі дзяржкіравання па ўзгадненні з віцэ-прэм'ерамі, якія курыруюць пэўную сферу эканомікі. Для ўключэння ў пералік афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў неабходна прадставіць эканамічнае абгрунтаванне набыцця тавараў у пастаўшчыка.

Пастанова прынята «ў мэтах забеспячэння эфектыўнага расходавання грашовых сродкаў і правядзення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай фінансавай палітыкі з улікам уплыву фактараў сусветнага фінансавага і эканамічнага крызісу».

Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць пастанову «вельмі дзіўным і незразумелым дакументам».

У сваім каментары ён звяртае ўвагу на тое, што «дзяржава па-ранейшаму ўмешваецца ў гаспадарчую дзейнасць прыватных камерцыйных арганізацый».

«З тэксту вынікае, што дакумент распаўсюджвае сваё дзеянне на ўсе віды юрыдычных асоб і набывае моц з моманту яго афіцыйнага апублікавання. Але дзе тады спіс упаўнаважаных прадстаўнікоў?» — заўважае Балыкін.

Акрамя таго, паводле яго слоў, «зусім незразумела, ці распаўсюджвае гэты нарматыўны акт сваё дзеянне толькі на закупкі па тэндэрах або на ўсе здзелкі куплі-продажу».

«Пачакаем афіцыйных каментараў. Вельмі хацелася б памыліцца, але ён цалкам можа азначаць нейкі новы віток барацьбы з пасрэднікамі. І калі гэта так — як жа быць з размовай пра лібералізацыю?» — задае пытанне эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?