Тэрміны збору ягад журавін і брусніц устаноўлены ў рэгіёнах Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс‑службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Так, у Брэсцкай вобласці брусніцы дазволена збіраць з 10 жніўня, а журавіны — з 5 верасня. У Гродзенскай вобласці брусніцы можна збіраць з 15 жніўня, журавіны — з 15 верасня. У Мінскай вобласці ў лес па брусніцы можна накіроўвацца з 17 жніўня, а па журавіны з 14 верасня. У Віцебскай вобласці брусніцы дазволена збіраць з 22 жніўня, журавіны — з 12 верасня. У Гомельскай вобласці па брусніцы можна адпраўляцца з 25 жніўня, журавіны — 10 верасня. У Магілёўскай вобласці збор брусніц пачнецца з 28 жніўня, журавін — з 11 верасня.

Тэрміны збору дзікарослых ягад устанаўліваюцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі штогод. Гэта робіцца ў мэтах захавання, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў расліннага свету, недапушчэння змяншэння і дэградацыі ягаднікаў, атрымання спелай і якаснай прадукцыі лесу. У асобных раёнах раённымі выканаўчымі камітэтамі могуць быць прыняты рашэнні аб устанаўленні больш позніх тэрмінаў пачатку збору дзікарослых ягад, таму больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у гаррайінспекцыях прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У Мінпрыроды нагадалі, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў,

прымяненне забароненых сродкаў або метадаў збору дзікарослых раслін вядзе да папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь,
на індывідуальнага прадпрымальніка да 100 базавых велічынь, на юрыдычную асобу да 500 базавых велічынь. (Цяпер 1 базавая велічыня складае Br35 тыс.).

Вольга Бяляўская, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0