Міліцыя Гомельскай вобласці за два летнія месяцы правядзення спецаперацыі «Мак» сабрала на незаконных пасевах раслін з утрыманнем наркотыкаў больш за 20 тон.

Мерапрыемствы аперацыі праходзяць у рэгіёне з 1 чэрвеня па 31 жніўня.

Як паведамілі БелаПАН у прэс‑службе УУС Гомельскага аблвыканкама, за чэрвень—ліпень выяўлена 276 незаконных пасеваў, з іх 115 — алейнага маку і 161 — канапель. Міліцыя зарэгістравала за два месяцы 125 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Незаконныя пасевы маку і канапель былі знішчаны на плошчы прыблізна 12 гектараў. Да прыкладу, у пачатку ліпеня ў вёсцы Колпень Лоеўскага раёна былі выяўлены і знішчаны пасевы канапель на плошчы тры гектары. Маса знішчанай наркасыравіны склала 300 кг. У Гомельскім раёне работнікі праваахоўных органаў пры дапамозе сельскагаспадарчай тэхнікі знішчылі прыкладна тры тоны канапель.

Як паведамляе прэс‑служба, асноўная маса канфіскаваных у вобласці наркотыкаў — расліннага паходжання пераважна мясцовай вытворчасці. Рэгістрацыя хворых на наркаманію адзначаецца практычна ва ўсіх раёнах. Паводле звестак Гомельскага абласнога наркалагічнага дыспансера, на ўліку знаходзяцца 1.702 наркаманы.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0