Беларусь і Польшча плануюць падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве паміж урадамі дзвюх краін у сферы электраэнергетыкі. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў Беларусі нумар 994, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
Урад падтрымаў прапанову Міністэрства энергетыкі Беларусі, узгодненую з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам юстыцыі і іншымі зацікаўленымі, аб заключэнні мемарандума з польскім бокам. Ад Беларусі на падпісанне дакумента ўпаўнаважаны міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц.
Як паведамлялася раней, ДВА «Белэнерга» і польская кампанія «Кульчык холдынг» маюць намер сумесна рэалізаваць у Беларусі праект па будаўніцтве вугальнай электрастанцыі. Адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана бакамі ў лістападзе 2008 года на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане. Праект прадугледжвае ўвод у эксплуатацыю станцыі магутнасцю 660 МВт, якая працуе на вугалі. Арыенціровачны кошт праекта — $990 млн., тэрмін будаўніцтва — 4 гады. Пляцоўка пад будаўніцтва Зэльвенскай КЭС размешчана за 5 км ад пасёлка Зэльва Гродзенскай вобласці.