Гэта робяць начальнікі. Гэта робяць кіраўнікі сярэдняга злучва. Не адстаюць ад іх кансультанты ды іх сакратаркі. Робяць гэта і простыя службоўцы. Імя занятку — карыстанне дадатковымі функцыямі мабільніка падчас працы.

Колькі год таму ўбудаваным у мабільнік Інтэрнетам і мэсэнджэрамі безупынку карысталіся адно служачыя інвэстыцыйных фондаў і біржавікі. Цяпер жа - гэта агульны набытак, калі пошасць пратачылася нават у высокія амэрыканскія офісы.

«Калі ў час пасяджэння нехта прамаўляе або робіць прэзентацыю, дык дзяржслужбоўцы моўчкі нахіляюцца над сталом: але ж не для малітвы, - кажа Філіп Райс, адзін з галоўных дарадцаў дзяржсакратаркі Хілары Клінтан. — Шмат у якіх дзяржаўных установах карыстанне сотавікамі забаронена, і людзі сяк-так пільнуюцца парадка, але там, дзе тое дазволена, дык мабільны разгул пераўзыходзіць усякія разумныя межы».

Звычка ліставацца па мабільніку падчас працы даўно перасягнула ўзроставыя рамкі.

Напрыклад, 47-гадоваму Малькальму А. Сміту, старшыні парламенцкай большасці ў сенаце штату Нью-Ёрк, які быў заспеты за чытаннем эсэмэсаў падчас важнай сустрэчы з магнатамі, пагражае ініцыяванае паплечнікамі па партыі змяшчэнне з пасады.

Шматфункцыянальныя мабільнікі зрабіліся неад'емнай часткай туалету начальнікаў і бізнэсоўцаў, якія падчас паседжанняў і перамоваў не могуць стрымацца, каб не паглядзець электронную пошту, або каб не пацікавіцца, што новага на іх рахунках у Facebook'у або Twitter'ы.

Гэтыя змяненні ў паводзінах справавых людзей спрычыніліся да гарачай дыскусіі, у якой кансерватыўна настроены бок упэўнены, што карыстанне прасунутымі ай-подамі і «БлэкБеры» на паседжаннях сведчыць пра пагаршэнне дзелавой маралі і ў дадатак адцягвае ўвагу ад сур'ёзных справаў. Прыхільнікі новых тэхналогій наадварот: лічаць, што ў свеце, дзе трэба «каб праца было зроблена ўжо ўчора», ігнараванне новых паведамленняў і эсэмэсаў — недаравальная раскоша і нават праўдзівая небяспека для бізнэсу.

Голас «супраць»: Рукі на стол!

Цяперашні работнік ужо не адчувае, калі можна, а калі — не карыстацца мабільнікам. Спакуса паглядзець навіны або праверыць электронную паштовую скрыню сцірае межы паміж прыватным і працоўным часам. Прыкладам таму - нядаўні выпадак у штаце Тэхас, калі адзін выпускнік ВНУ не атрымаў працу праз сваё збыткоўнае карыстанне мабільнікам. Калі падчас сумоўя яму дазволілі зазірнуць у Сеціва, каб ён здолеў знайсці адказ на пытанне, якое задаў інтэрв'юэр, то выпускнік, адшукаўшы адказ, не змог перадолець спакусы і пасля паглядзеў электронны ліст ад сябра.

Людзі, якія карыстаюцца мабільнікамі ў час працоўных нарадаў як бы ствараюць паралельнае паседжанне: частка актыўна эсэмэсіцца міжсобку на прыватныя тэмы, частка не зважаючы на парадак дня абмяркоўвае і кпіць з таго што адбываецца ў пакоі.

Ці варта казаць, што гэта шкодзіць працоўнаму працэсу. Мала таго - працоўнікі пачынаюць хлусіць. Няшмат хто з іх прызнаецца, што дасылае паведамленне сябру або што строіць кпіны з начальніка, - большасць кажа, што юзае мабільнік з добрымі мэтамі: шукае ў Сеціве адказы на пытанні, якія паўстаюць на паседжанні, або проста занатоўвае ў мабільнік выступ.

«Кампаніі пакуль не выпрацавалі адзіную палітыку ў дачыненні да сродкаў мабільнае сувязі, — кажа Нэнсі Фэлін, кіраўніца кансультацыйнай кампаніі ePolicy з Агаё.

Шмат хто з кіраўнікоў памыляецца, калі лічыць, што эсэмэсы адцягваюць увагу менш чым размовы.

Калі працаўнік у прысутнасці іншых ляпае па клавіятуры мабільніка, гэта перашкаджае ў той жа меры, як і звычайная балбатня».

Голас «за»: мабільная зброя

Але за цяперашнім светам бізнэс банкрутуе і занепадае (ці наадварот квітнее) адно дзякуючы хуткасці рэакцыі на зменлівасць рынку. Таму, насуперак пярэчанню з боку шанавальнікі чысціні бізнес-кодэкса, шалі у справе мабільнай пошасці , здаецца, хіляцца на карысць прыхільнікаў бяздротавых дачыненняў падчас працы.

«Кліенты і партнёры па бізнэсе перакананыя, што ты павінны быць у зоне дасягнення 24 гадзіны на дзень, 7 дзён на тыдзень, а бізнэсоўцы, якія лічуць, што гэта не так — адно страчваюць»,

- кажа Дэйвід Бэрэтрон, медыйны дарадца з Сіэтла.

Па-другое, бізнэсоўцы мусяць прыстасоўвацца да тых партнёраў, для якіх мабільны зрабіўся іх плоццю і крывёй. «Першыя паўгадзіны нашай справавой сустрэчы патэнцыйны кліент гуляўся са сваім мабільнікам, — распавядае Рональд Хобс, мэнэджэр распаўсюднай кампаніі на Манхэтане. - Адзін з нас наважыўся нават зазірнуць на экран мабілкі — гэта былі «гоначкі». Потым кліент пачаў казаць свае ўмовы, не адрываючы позірку ад экрана. І хоць такія манеры нас раздражнялі, мы усё ж дагаманілі з ім да канца — мы не жадалі губляць прыбытку, паколькі ўмовы, прапанаваныя аматарам мабілкі, былі выгадныя».

У дадатак, псіхолагі лічаць, што ліставанне па мабільніках між калегамі гуртуе калектыў, а балбатня ў чатах зніжае шкоднае напружанне і вывальняе працоўны патэнцыял. «Жарты і кпіны падчас паседжання могуць адно падвысіць крэатыўнасць супрацоўніка, — кажа Джош Рабіновіц, кіраўнік рэкламнага аддзела кампаніі «Грэй». — Мы з калегамі часта абменьваемся па мабільніках жартамі, паведамленнямі, пытаннямі і новымі ідэямі, якія не можам выказаць уголас, і раз-пораз гэты занятак робіцца вельмі карысным для працы».

Наастатак, прышпільны мабільнік, набіткаваны шматлікімі функцыямі - справа іміджу. У шмат якіх прафесійных колах, дзе трэба безупынку паказваць моц і ўладнасць, наяўнасць такіх прыбораў у офісе робіцца жывой дэманстрацыяй статусу і перавагі.

Гэта ўсё роўна як дастаць хвацкі пісталет у каўбойскім салуне.

Калі ў час паседжання службоўца кладзе перад сабой шматфункцыянальны ай-под ці «Нокія» ( а то і два разам) і нават пачынае карыстацца ім — гэта абводны шлях сказаць астатнім: «Я - важны чалавек. Я дужа заняты і калі гэтая сустрэча не зацікавіць мяне праз некалькі хвілінаў, дык я буду рабіць сотню іншых рэчаў па сваім мабільніку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?