Дзяржаўны мытны камітэт зняў абмежаванні на вываз тавараў з Беларусі фізічнымі асобамі. Пра гэта паведаміў 5 жніўня журналістам намеснік старшыні ДМК Сяргей Барысюк.

«Цяпер грамадзяне могуць бесперашкодна вывозіць за межы краіны тавары, што не з’яўляюцца забароненымі і абмежаванымі для вывазу не залежна ад колькасці і кошту гэтых тавараў, з выкарыстаннем спрошчанага парадку мытнага афармлення, прадугледжанага для асабістай маёмасці», — сказаў ён.

«Напрыклад, раней фізічная асоба не магла вывезці за мяжу грузавік з будматэрыяламі. Каб ажыццявіць гэту перавозку, яму трэба было афармляць дакументы на вываз тавара на экспарт. Цяпер дастаткова будзе паказаць на мяжы дакумент пра легальнасць набыцця гэтага тавару»,
— патлумачыў прадстаўнік ДМК.

Барысюк падкрэсліў, што гэта рашэнне прынята ў мэтах садзейнічання экспарту беларускіх тавараў, а таксама для падтрымання айчынных вытворцаў і прасоўвання іх тавараў на замежныя рынкі.

У той жа час намеснік старшыні ДМК адзначыў, што патрабаванні наконт увозу ў Беларусь тавараў, наадварот, будуць рабіцца больш жорсткімі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0