Ужо другі год запар у Ляўках на Аршаншчыне адбываецца Сьвята вольнай беларускай паэзіі. Паэтычныя чытаньні ладзяцца ў форме народнага сьвята – безь вядоўцаў, без заўважнага падзелу на паэтаў і слухачоў. А куды яшчэ прывозіць вершы, як не да Купалы ў Ляўкі? Пагатоў што і сьвята прымеркавана да паэтавага дня нараджэньня.

Пра «выпяканьне» першага леташняга «бліна» дбалі ў тым ліку і ўдзельнікі літаратурна-мастацкага пленэру імя Ўладзімера Караткевіча. Але сёлета ў Ляўкі не прыехалі ні маладыя гадаванцы літсуполак, ні прызнаныя паэты, якія каторы месяц скардзяцца, што ня маюць магчымасьці сустракацца з чытачамі. І дарма! Тут іх зь вялікім задавальненьнем ноч навылёт слухалі б ня менш за два дзясяткі слухачоў: сёньня столькі часам і ў Менску не зьбярэш. Паэзія жыве тут у сваім натуральным выглядзе – у жывым гучаньні ад аўтара да слухачоў, не карыстаючыся мёртвым пасярэдніцтвам паперы.

Адсутнасьць гучных імёнаў, аднак, ня сталася для ляўкоўскага фэсту вялікай перашкодай: тым ярчэй зьзялі зоркі маладых талентаў. Так, сапраўдным адкрыцьцём сёлетніх чытаньняў стаў студэнт Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту з Магілёва Віталь Рыжкоў. Ягоныя вершы з жорсткай вулічнай паэтыкай (дзе зрэдзьчасу адчуваецца ўплыў раньняй творчасьці Маякоўскага) упрыгожылі б любы часопіс.

Магілёўцы ўжо другі год запар прыяжджаюць у Ляўкі вялікай прадстаўнічай дэлегацыяй, складаючы каля паловы ўдзельнікаў сьвята. Сёлета на сьвяце была практычна цалкам беларускамоўная дэлегацыя (каля 10 чалавек) зь Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту.

Летась сапраўднай прымадоннай фэсту была аўтарка «НН» Тацяна Барысік з Магілёва, чые вершы й аповеды з настаўніцкага жыцьця выявілі сур’ёзнага канкурэнта заезным Жванецкім ды Задорнавым. Год таму Тацяна вытрымала важкую аўтарскую трохгадзінную сатырычную праграму. Сёлета яна прыехаць не змагла, бо гадуе дзіця. Аднак ейныя творы ўсё ж гучалі сярод іншых. Удзел у сьвяце могуць узяць ня толькі паэты, але і проста аматары паэзіі: адзін зь іх і чытаў сёлета Тацяніны вершы.

З сваімі новымі вершамі прыехаў Сяржук Семянюк зь Менску – паэтычнае адкрыцьцё леташняга фэсту. У сваіх творах ён спрабуе знайсьці мову сёньняшняй паэзіі, збліжаючы інтымную лірыку з гучаньнем штодзённасьці. Прывезеныя вершы Сяржук пасьля прачытаньня спальвае на вогнішчы.

Аршаншчына паціху займае нішу паэтычных фэстаў на вольным паветры. Да традыцыйнага бардаўскага крапівенскага фэсту цяпер дадаецца чыста паэтычны ляўкоўскі. Думаецца, яго чакае ня менш слаўная будучыня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?