Тры тыдні таму прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць на Валадарцы, спыніў галадоўку працягласьцю 91 дзень. Як пачуваецца вязень?

«Ён пачуваецца лепш, але праблемы са здароўем застаюцца», — гэтымі словамі сустрэла мяне Ала Міхеева, загадчыца мэдычнай часткі менскага сьледчага ізалятара.
Штотыдзень па серадах Ала Міхеева ладзіць прыёмы для сваякоў вязьняў і адказвае на пытаньні пра іх самаадчуваньне. Ала Міхеева паведаміла, што раней за мяне да яе прыходзілі сястра Аўтуховіча з пляменьніцай, перадалі вязьню вітаміны, і лекарка ўсё ім распавяла пра тое, як Аўтуховіч выходзіць з галадоўкі.

«Я распавяла, што ён усё ж яшчэ слабы, есьці турэмную ежу гэтак і не пачаў, пакуль падсілкоўваецца кашкамі з садавіны.

Калі за пазамінулы тыдзень ён набраў 3 кіляграмы, то за гэты — нічога. Нядаўна зьеў два бананы, і яму стала блага, таму да звычайнай ежы яшчэ далёка. І мы дагэтуль трымаем яго ў мэдычнай частцы, пра перавод у звычайную камэру гаворкі ўжо няма. Яму яшчэ цяжка»,
— падсумавала лекарка «Валадаркі».

Пра настрой Мікалая Аўтуховіча Ала Міхеева сказала: «Ён трымаецца, а што ў яго на душы — не паказвае. Зразумела, што настрой залежыць ад сьледчых, але пра гэта я распавядаць не магу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?