«У мэтах удасканалення арганізацыйных форм работы з замежнымі і нацыянальнымі інвестарамі і далейшага павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны» ў Беларусі ўводзіцца новы інстытуцыянальны механізм ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці — інвестыцыйныя агенты.

Гэта прадугледжвае ўказ прэзідэнта ад 6 жніўня № 413 «Аб прадастаўленні фізічным і юрыдычным асобам паўнамоцтваў на прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях прыцягнення інвестыцый у Рэспубліку Беларусь».

Інвестыцыйным агентам можа быць вызначана як фізічная, так і юрыдычная асоба, у тым ліку нерэзідэнт Рэспублікі Беларусь, адзначаецца ў паведамленні прэс‑службы прэзідэнта.

Статус інвестыцыйнага агента змогуць атрымаць асобы, якія «валодаюць практычнымі навыкамі падрыхтоўкі інвестыцыйных праектаў да рэалізацыі, а таксама маюць асабістыя дзелавыя якасці, якія дазваляюць ім весці перамовы з высокім кіраўніцкім складам буйных кампаній».

Прапанова аб вызначэнні канкрэтнай асобы інвестыцыйным агентам можа быць унесена ў Савет міністраў любым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншай дзяржарганізацыяй, а таксама абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам «на падставе звароту патэнцыяльнага інвестыцыйнага агента».

Рашэнне аб ўпаўнаважанні інвестыцыйнага агента на прадстаўленне інтарэсаў Беларусі прымаецца ўрадам.

***

Уводзіцца трохузроўневая сістэма заключэння інвестыцыйных дагавораў з Беларуссю

Дэкрэтам прэзідэнта № 10 ад 6 жніўня «Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» уводзіцца трохузроўневая сістэма заключэння інвестарамі інвестыцыйных дагавораў з Беларуссю, дыферэнцыраваная ў залежнасці ад значнасці праекта і прэферэнцый, якія прадастаўляюцца.

Як паведаміла прэс‑служба прэзідэнта, інвестыцыйны дагавор можа заключацца на падставе рашэння:

Савета міністраў, узгодненага з прэзідэнтам, калі дагаворам прадугледжваецца прадастаўленне інвестару прэферэнцый, не ўстаноўленых заканадаўчымі актамі або іншымі рашэннямі прэзідэнта;

Савета міністраў у выпадку, калі інвестыцыйным дагаворам прадугледжваецца прадастаўленне інвестару льгот і прэферэнцый, ужо ўстаноўленых заканадаўчымі актамі і іншымі рашэннямі прэзідэнта;

рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, іншай дзяржаўнай арганізацыі, падпарадкаванай ураду, аблвыканкама, Мінгарвыканкама ў выпадках, калі для рэалізацыі праекта прэферэнцыі не патрабуюцца.

Дэкрэтам замацаваны абавязковыя ўмовы заключэння інвестыцыйных дагавораў, а таксама прадастаўляецца магчымасць іх пашырэння зыходзячы з галіновай накіраванасці і спецыфікі інвестыцыйнага праекта.

Інвестарам, якія заключылі інвестыцыйныя дагаворы, прапаноўваюцца такія агульныя прэферэнцыі, як прадастаўленне зямельнага ўчастка ў арэнду без правядзення аўкцыёну; паэтапнае афармленне неабходных дакументаў па адводзе зямельнага ўчастка адначасова з будаўніцтвам на фактычна занятых землях і будаўніцтва аб’ектаў з паралельным праектаваннем наступных этапаў будаўніцтва; увоз тэхналагічнага абсталявання і запасных частак да яго для аб’ектаў, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта, без выплаты мытных пошлін і падатку на дададзены кошт.

Інвестар вызваляецца ад кампенсавання страт сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама кампенсацыйных выплат, звязаных з пераносам і вырубкай зялёных насаджэнняў на землях населеных пунктаў; выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу спецыяльных дазволаў замежным грамадзянам, якія прыцягваюцца інвестарам для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, на заняцце працоўнай дзейнасцю ў краіне, а названыя замежныя грамадзяне — ад выплаты дзяржпошліны за выдачу дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі.

У выпадку невыканання або неналежнага выканання інвестарам узятых на сябе абавязацельстваў Рэспубліка Беларусь «у аднабаковым парадку можа адмовіцца ад выканання сваіх абавязацельстваў па заключаным інвестыцыйным дагаворы».

Прапанаваныя нормы накіраваны на «стымуляванне шырокамаштабнай інвестыцыйнай актыўнасці».

Дэкрэт набывае моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем некаторых пунктаў, з’яўляецца часовым і прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу. Дзеянне дэкрэта не распаўсюджваецца на інвестыцыйная дагаворы, заключаныя да ўваходжання дэкрэта ў сілу.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0