Кошт набору тавараў да школы (адзенне, абутак, канцылярскія прылады) для старшакласніка гэтым годам складае ад 244 да 988 тыс. рублёў, для старшакласніцы — ад 214 тыс. да крыху больш за мільён рублёў.

Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення арганізацыі спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Міністэрства гандлю Ніна Пашко 11 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, каб экіпіраваць да школы вучня малодшых класаў, трэба будзе зрасходаваць ад 175 да 747 тыс. рублёў, вучаніцы малодшых класаў — ад 182 да 740 тыс. рублёў. У гэтую суму не ўваходзіць кошт трыкатажных вырабаў — джэмпераў, світэраў, камплектаў бялізны, фуфаек, калготак. Гэтыя тавары для вучня малодшых класаў будуць каштаваць ад 16 да 83 тыс. рублёў, для вучаніцы малодшых класаў — ад 20 да 126 тыс. рублёў, для старшакласніка — ад 24 да 105 тыс. рублёў, для старшакласніцы — ад 22 да 143 тыс. рублёў.

Як заявіла Ніна Пашко, каб пакупнікі з розным узроўнем даходаў маглі падрыхтаваць дзяцей да школы, у шэрагу гандлёвых арганізацый прадугледжаны продаж тавараў для школьнікаў у крэдыт або са скідкамі.

Так, паводле яе слоў, продаж тавараў школьнага асартыменту ў крэдыт ажыццяўляе сталічны ГУМ. Пры набыцці такіх тавараў на 350 тыс. рублёў і больш пакупнік можа атрымаць беспрацэнтны крэдыт тэрмінам ад трох да шасці месяцаў з першапачатковым узносам 10% ад кошту пакупкі. Пры афармленні крэдыту на дзевяць месяцаў плата за карыстанне складае 12% гадавых з першапачатковым узносам 20% ад кошту пакупкі. Гандлёвы дом «На Нямізе» з 1 ліпеня на 15% знізіў рознічныя цэны на тавары школьнага асартыменту вытворчасці прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам». Ва універмагу «Беларусь» пры продажы школьнага адзення прадугледжана скідка 15% на асобныя мадэлі. Гандлёвы дом «Нёман» у Гродне пры продажы тавараў для школьнікаў дае беспрацэнтны крэдыт з растэрміноўкай плацяжу на тры месяцы. Падобныя акцыі праводзяць і іншыя крамы краіны.

Як сцвярджае прадстаўнік Мінгандлю, нягледзячы на крызіс, змен у попыце на школьныя тавары не заўважана і ў далейшым не прагназуецца.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0