Чарговае беларускае грамадскае аб’яднанне высяляецца. Гэтым разам памяшкання на вуліцы Рэвалюцыйнай пазбавілася «Бацькаўшчына», што аб’ядноўвае 135 арганізацыяў з 28 краінаў свету. Апроч гэтага літаральна на вуліцу выкідваюцца заснаваны Згуртаваннем беларусаў свету «Беларускі дом», мінскія рэгіянальныя арганізацыі «Шыпшына» і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Падставай ёсць не тое, што арганізацыі не прайшлі перарэгістрацыі («Бацькаўшчына» прайшла перарэгістрацыю 29 чэрвеня). У будынку плануецца правесці капітальны рамонт, аднак пасля яго там змесціцца рэстарацыя ці нейкія іншыя забаўляльныя ўстановы.

Пытанне ж аб тым, дзе цяпер будуць знаходзіцца аб’яднанні, дагэтуль не вырашана. Алена Макоўская, старшыня рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», распавядае пра сённяшнюю сітуацыю вакол перасялення арганізацыі.

«Зараз мы разгружаем офіс, але пераходзіць нам фактычна няма куды, бо перамовы пакуль вядуцца, – гаворыць Алена Макоўская. – У дамове, якую мы калісьці заключалі са ЖРЭА Цэнтральнага раёну адпаведна рашэнню Мінгарвыканкаму і пастанове Савету міністраў пазначана, што мы арэндуем памяшканне да 2018 году. Зараз гэтае памяшканне знаходзіцца на балансе КУП «Мінская спадчына», якая таксама працягнула з намі дамову да гэтага часу. І ва ўмовах скасавання дамовы ў аднабаковым парадку не стаіць капітальны рамонт як падстава для скасавання дамовы арэнды. Тым не менш з намі гэтую дамову скасоўваюць. Тут атрымліваецца выпадак, які нам дае, з аднаго боку падставы прэтэндаваць на тое, што дамова арэнды не скасаваная. З іншага боку, напэўна, «Мінская спадчына» і Мінгарвыканкам могуць настойваць на нейкіх сваіх пазіцыях.»

Два тыдні таму «Бацькаўшчына» звярнулася ў Мінгарвыканкам, каб ёй прадставілі памяшканне, якое сябры арганізацыі знайшлі самастойна. Аднак як паставяцца да гэтага гарадскія ўлады і балансаўтрымальнік будынку, пакуль невядома. Алена Макоўская працягвае:

«Мы зараз знаходзімся ў дастаткова падвешаным стане. Да гэтага часу, нягледзчы на паўгадовую перапіску з Мінгарвыканкамам і звароты ў іншыя ўстановы, у тым ліку ў Савет Міністраў і адміністрацыю прэзідэнта, пытанне з памяшканнем для «Бацькаўшчыны» не вырашанае».

Адзначым, што падобныя высяленні можна лічыць барацьбой уладаў з усім беларускім, што яшчэ ацалела, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы. Падобныя праблемы паўставалі ў Скарынаўскага цэнтру, Саюзу пісьменнікаў і шэрагу іншых арганізацыяў. Юрыст, што займаецца абаронай няўрадавых арганізацыяў, Юрась Чавусаў таксама бачыць у гэтым пэўную тэндэнцыю і каментуе падобны факт наступным чынам:

«Што датычыць высялення «Бацькаўшчыны», дык я думаю, што тут у першую чаргу маюць значэнне камерцыйныя чыннікі, бо гэта маёмасць у цэнтры гораду. Ціск на «Саюз пісьменнікаў», «Таварыстава беларускай мовы» таксама адбываўся з мэтай адабраць памяшканні. Адначасова я не выключаю, што пэўная праца па выцясненні Згуртавання беларусаў свету таксама можа праводзіцца.

У арганізацыі мусіць быць юрыдычны адрас. Адсутнасць яго аўтаматычна цягне за сабой прыпыненне дзейнасці ці ліквідацыю. Праблемы могуць паўстаць ўжо з Міністэрствам юстыцыі.

Сярод ліквідаваных арганізацыяў дзесьці палова – гэта тыя, якія мелі праблемы з юрыдычным адрасам. Магу назваць, напрыклад, Партыю працы, «Фонд братоў Луцкевічаў»… Такіх арганізацыяў досыць шмат».

Нагадаем таксама, што на Рэвалюцыйнай 15, адкуль вымушана з’язджаць «Бацькаўшчына», да 1939 году размяшчаўся Інбелкульт. Таму будынак з’яўляецца помнікам беларускай культуры. Праз пэўны час лёс ягоны і лёс Згуртавання беларусаў свету вызначыцца. Еўрапейскае радыё будзе сачыць за падзеямі выкол ЗБС «Бацькаўшчына».

Алена Акуліч, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0