Беларускі еўрапейскі форум, які арганізоўвае Рух за Свабоду, пройдзе 14 лістапада. Такое рашэнне было прынятае 11 жніўня на пасяджэнні аргкамітэту мерапрыемства. Аргкамітэт праходзіў пад кіраўніцтвам Юрася Губарэвіча. Намеснік старшыні Руху за Свабоду адказвае на пытанні «НН».

«Наша Ніва»: Чаму Форум прызначаны менавіта на 14 лістапада?

Юрась Губарэвіч: Да гэтай даты мусяць прайсці ўсе рэгіянальныя сходы. 14 лістапада — субота, выходны дзень, у які зручна рэгіянальным дэлегатам прыехаць у Менск.

«НН»: Хто зможа ўзяць у мерапрыемстве?

ЮГ: Любы грамадзянін Беларусі, які падзяляе ідэі дэмакратыі, незалежнасці і еўрапейскага выбару для Беларусі і мае намер актыўна далучыцца да дзейнасці па еўрапеізацыі краіны. Для таго каб стаць дэлегатам Форума неабходна прыняць удзел у адным з рэгіянальных сходаў. Інфармацыю пра правядзенне сходаў можна атрымаць у мясцовых каардынатараў.

«НН»: Якія галоўныя пытанні будуць разгледжаныя?

ЮГ: Форум мае на мэце мабілізаваць прыхільнікаў і аб’яднаць патэнцыял беларускіх праеўрапейскіх сілаў, а таксама падтрымаць паўнавартасны ўдзел Беларусі ў праграмах еўрапейскага супрацоўніцтва і інтэграцыі.

«НН»: Нехта з вядомых людзей выказаўся аб сваім удзеле ў Форуме?

ЮГ: Ёсць папярэдняя дамоўленасць з шэрагам знакавых асобаў. Будзем дасылаць афіцыйныя запрашэнні і па атрыманні згоды, паведамляць пра гэта. Пакуль яшчэ рана казаць.

«НН»: Арганізацыйную працу па падрыхтоўцы вядзе толькі Рух за Свабоду, ці ёсць арганізацыі якія дапамагаюць?

ЮГ: Не толькі Рух. Гэта таксама БХД, «Малады Фронт», «Маладая Беларусь», МХСС «Маладыя Дэмакраты», «Правы Альянс», Партыя свабоды і прагрэсу. Актывісты і іншых арганізацый (БНФ, АГП, вялікая колькасць недзяржаўных арганізацый) бяруць удзел у рэгіянальных сходах, і нават у іх арганізацыі.

«НН»: Ці будзе вылучэнне на Форуме кандыдата ў прэзідэнты

ЮГ: Вылучэнне кандыдата не плануецца.

«НН»: На якую колькасць удзельнікаў разлічваеце і на якое памяшканне?

ЮГ: Да тысячы ўдзельнікаў. Памяшканне мусіць быць такім, якое змесціць усіх дэлегатаў і гасцей, а таксама знаходзіцца ў цэнтры Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?