У дачным пасёлку «Крынічны» МУС Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца непадалёк ад Заслаўскага вадасховішча, разгарэўся новы скандал.

Адзін з «карупцыянераў», чые прозвішчы Аляксандр Лукашэнка агучыў падчас нашумелага пасяджэння ў лістападзе 2008 г., заявіў, што мае намер змагацца за сваю прыватную ўласнасць.

Згодна з распараджэннем уладаў, у дом Новіка таксама павінны пераехаць дзеці‑сіроты. Але Новік — адзіны, які наважыўся абскардзіць рашэнне аб перадачы яго дома ў камунальную ўласнасць.

«Я маю намер прайсці ўсе судовыя інстанцыі, — кажа Новік.

— Рэч у тым, што нас з сынам памылкова ўключылі ў спіс асобаў, якім былі дадзеныя надзелы пад будаўніцтва з земляў тылу МУС».

Зямельны надзел быў выдзелены сям’і Рыгора Новіка Мінскім райвыканкамам у 2002 г. Дом мужчына будаваў разам з сынам. У 2005 годзе дом быў зарэгістраваны ў БТІ, быў атрыманы тэхпашпарт, а надзел выкуплены ў адпаведнасці з кадастравым коштам.

«У 2007 г. была праведзеная сур’ёзная праверка на прадмет усялякіх парушэнняў, ініцыяваная па даручэнні кіраўніка дзяржавы, — распавядае Рыгор Новік. —

У рашэнні Мінаблвыканкама, якое было складзена паводле яе вынікаў і падпісанае старшынём Леанідам Крупцом, напісана, што ніякай нашай віны ў атрыманні зямельнага надзелу і будаўніцтве дому няма».

Паводле словаў гаспадара дому, яго разам з сынам памылкова ўключылі ў рэестр прозвішчаў супрацоўнікаў МУС, якім былі выдзеленыя зямельныя надзелі на тэрыторыі былой летняй дачы дзіцячага садку №447, а ў далейшым — земляў тылу МУС.

«Наш надзел адасоблены, знаходзіцца прыблізна з кіламетр ад тэрыторыі былога дзіцячага садка МУС і ніколі нават не гранічыў з землямі тылу МУС, як пазначана ў судовых пастановах, ‑‑ кажа Рыгор Новік. ‑‑ Нашу правату, дарэчы, пацвярджаюць і дакументы, якія мы нядаўна здолелі атрымаць у УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка» і іншых інстанцыях.

Рыгор Новік лічыць, што мог трапіць у «спіс няўгодных» у звязку з кулуарнымі інтрыгамі.

«У свой час у пэўных колах хтосьці запусціў чутку пра тое, што я, працуючы дарадцам старшыні аблвыканкаму, быццам бы арганізоўваў прафесійную сочку за старшынём Камітэта дзяржкантролю Зянонам Ломацем, — кажа Рыгор Новік. — Гэтыя размовы, наколькі мне вядома, дайшлі і да самога Ломаця. Я цудоўна разумею, чым пагражае падобная дзейнасць — па сутнасці мяне абвінавачвалі ў падрыхтоўцы злачынства супраць вышэйшай службовай асобы. Я хацеў нават паразмаўляць з Ломацем, з якім, дарэчы, на той момант нават не быў знаёмы. У сувязі з гэтым я напісаў заяву ў Раду бяспекі і Генпракуратуру пра тое, што мяне фактычна абвінавачваць у здзяйсненні сур’ёзнага злачынства. І калі заўтра з ім што‑небудзь здарыцца, то мяне першага будуць падазраваць. Накіраваў дакументы, а літаральна праз пару дзён даведваюся, што Ломаця збілі ў адным з гатэляў Магілёва! Калі шчыра, я думаў, што па мяне ў той самы дзень прыйдуць з кайданкамі».

Гаспадар дому таксама не выключае, што да канфіскацыі маюць дачыненне чыноўнікі з адміністрацыі Лукашэнка.

«Я не магу сцвярджаць, але не выключаю, што адбіранне майго зямельнага надзелу — следства нейкіх незразумелых кулуарных інтрыг, — заяўляе ён. — Мне здаецца, да гэтай гісторыі маюць дачыненне і некаторыя цяперашнія высокія чыноўнікі з адміністрацыі Лукашэнкі, якія трымаюць на кантролі справу аб міліцэйскіх катэджах і выказваюць да яе павышаную цікавасць. Бо, яшчэ раз паўтараю, у нас усё было зроблена паводле закону, усё ўсюды было ўзгоднена і дазволена, усе рашэнні прымаліся з дакладным выкананнем дзейснага заканадаўства».

Новік заяўляе, што на сёння дзверы ягонага катэджу апячатаныя. Ён да гэтага часу згадвае падрабязнасці высялення ягонай сям’і з дому.

«Да гэтага часу не магу забыць, як нас адсюль высялялі, — распавядае мужчына. — Так, напэўна, немцы падчас вайны сябе не паводзілі. Мы з жонкай. Сям’я дачкі і сям’я сына жылі тут больш за тры гады — кватэры ў горадзе ў мяне няма і ніколі не было. Да гэтага часу я меў патрэбу ў жытле. У адзін з сакавіцкіх вечароў, калі на вуліцы была яшчэ мінусавая тэмпература, па рашэнні Мінскага райвыканкаму нам адключылі электрычнасць і газабеспячэнне, а дом апячаталі і ўзялі пад ахову… А ўсіх нас проста выкінулі на вуліцу. Мы з жонкай зараз вымушаныя жыць то ў дзяцей, то ў знаёмых».

Рыгор Новік напісаў шмат зваротаў ва ўсёмагчымыя інстанцыі, аднак адказу пакуль не атрымаў.

«Некаторыя мне адкрыта кажуць: маўляў, праўда на тваім баку, але, стары, ты ж самы усё разумееш…»,— гаворыць ён.

Рыгор Новік нарадзіўся ў 1954 годзе. У 1998 годзе ўзначальваў міжведамственную аператыўную групу па барацьбе з ценявымі валютнымі «аператарамі». Займаў пасаду намесніка начальніка аператыўнага ўпраўлення ДКФР Беларусі, працаваў начальнікам аператыўнага пошуку пры ДКФР, начальнікам ДКФР па Мінску і Мінскай вобласці, начальнікам упраўлення ДФР КГК Рэспублікі Беларусь па Мінску і Мінскай вобласці.

Зволіўся па выслузе гадоў і стану здароўя 20 снежня 2002 году. З 16 студзеня 2003 году па 15 сакавіка 2007 году працаваў галоўным дарадцам старшыні Мінскага абласнога выканкама.

Нагадаем, што ў на нарадзе па пытаннях барацьбы з карупцыяй Аляксандр Лукашэнка заявіў, што высокапастаўленыя супрацоўнікі МУС, выкарыстоўваючы службовае становішча, захапілі зямельныя надзелы ў Мінскім раёне. Па словах Лукашэнкі, 10 чалавек, сярод якіх былі два намеснікі міністра ўнутраных спраў, ператварылі ў прыватны катэджны пасёлак тэрыторыю летняй дачы падведамственнага дзіцячага садку. Надзелы рынкавым коштам у сотні тысяч долараў дасталіся новым гаспадарам фактычна «за капейкі».

Праз нейкі час тыя, хто засвяціўся ў катэджным скандале, былі знятыя з сваіх пасадаў.

Марына Коктыш, Народная воля

 Рыгор Новік збіраецца змагацца.

Рыгор Новік збіраецца змагацца.

 Катэдж Рыгора Новіка.

Катэдж Рыгора Новіка.

 На схеме пасёлка «Крынічны» МУС Беларусі з надзеламі межаў земляў добра бачна, што дом Новіка знаходзіцца на ўскраі пасёлка, а не побач са скандальнымі катэджамі.У пасёлку жывуць усё людзі з вядомымі прозвішчамі.

На схеме пасёлка «Крынічны» МУС Беларусі з надзеламі межаў
земляў добра бачна, што дом Новіка знаходзіцца на ўскраі пасёлка,
а не побач са скандальнымі катэджамі.
У пасёлку жывуць усё людзі з вядомымі прозвішчамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0