Журналіст Глеб Лабадзенка выступіў з заклікам дапамагчы Валянціне Уладзіміраўне Быкавай ‑‑ сястры Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

Глеб Лабадзенка паведаміў Радыё Свабода, што падчас наведваньня Вушаччыны разам з сябрам і паплечнікам Васіля Быкава, паэтам Рыгорам Барадуліным, яны наведалі Валянціну Ўладзіміраўну. Жанчына распавяла, што страціла зрок на адным воку, але працягвае чытаць, у тым ліку незалежную прэсу. А таксама пашкадавала, што ня можа пачаставаць гасьцей пірагамі, бо сапсавалася духоўка.

Паводле спадара Лабадзенкі, газавая пліта гэтак зношаная, што, здаецца, можа выбухнуць у кожную хвіліну. Таму па прыезьдзе ў Менск, на сваім інтэрнэт‑блогу ён выставіў заклік сабраць грошы на набыцьцё і ўсталяваньне пліты ў доме Валянціны Ўладзіміраўны Быкавай.

Як паведаміў спадар Лабадзенка, супрацоўнікі службы газу з Вушачаў абяцаюць у гэтай справе дапамагчы.

Глеб Лабадзенка таксама паведаміў, што першыя водгукі на ягоны заклік зьявіліся літаральна праз паўгадзіны пасьля выстаўленьня яго ў інтэрнэце. Аднак сродкаў пакуль не дастаткова і журналіст заклікае адгукнуцца іншых нераўнадушных людзей.

Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0