Выходнымі ў Гарадку прайшло 17-е «Басовішча». «Апошняе непаўналетняе», як жартавалі вядучыя.
Сярод дэлікатэсаў фэсту была «Тройца». Выступала яна позна, і магутны дахрысьціянскі рык Івана Кірчука разносіўся на кілямэтры вакол у начным паветры. Парадавалі італьянцы з «Аркестра Артура П’яцца», якія ўжо другі год запар прыяжджаюць у Гарадок. Іх прынялі так горача, што вакаліст пасьля за сцэнай увесь час паўтараў: «Не хачу ехаць дахаты». Былі «Крама» і «N.R.M.» з новымі песьнямі. Зеўрала пустка на месцы «Ўлісу».
Журы пад кіраўніцтвам мастака Лявона Тарасэвіча абрала пяць пераможцаў зь дзесяці маладых гуртоў, што ўдзельнічалі ў конкурсе. Права запісаць альбом на «Радыё Беласток» і ўзнагароду Саюзу беларусаў Польшчы атрымаў менскі «СДМ». «Парасон», які паказаў на сцэне шоў з ілюзіяністамі, мае права запісу на студыі «Апола» і ўзнагароду Беларускага аб’яднаньня студэнтаў. Грашовым прызам гміны Гарадок узнагароджаныя «Людзі сьвятла», якія ўразілі магутным і экспрэсіўным вакалам. Магілёўскі «Водар Сусьвет» атрымаў гітару з рук гісторыка Алега Латышонка. Прыз «Радыё Палёнія» – магілёўская ж «Нэўма»: «Таварыш Маўзэр» даў добры прыклад суайчыньнікам.
У намётавым гарадку «Басовішча» было як ніколі цесна: ня тое што паставіць новы намёт, прайсьці было цяжкавата. А колькі намётаў стаяла проста па дварох у Гарадку! «Басовішча» расьце.
Дэлікатэсы «Басовішча»:
Магутны дахрысьціянскі рык Івана Кірчука разносіўся на кілямэтры вакол.
«Аркестар Артура П’яцца»
«Водар Сусьвет»
«Парасон»
❏
Пераможцы «Басовішча»:
«Людзі сьвятла»
«Нэўма»
«СДМ»
Фота Андрэя Лянкевіча