Сёння Вярхоўны суд вынес рашэнне па скарзе Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднання «Наша Вясна». Суд адмовіў у задавальненьні скаргі.

Суддзя Церах спаслаўся на тое, што ў пададзеным на рэгістрацыю спісе пра чатырох з 71 заснавальнікаў аб’яднання пазначаныя недакладныя звесткі. Таксама суд палічыў, што гарантыйны ліст адносна юрыдычнага адрасу нельга прызнаць юрыдычна значным.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў, што гэтае рашэнне дзеля працэдуры будзе абскарджана па нагляду на імя старшыні Вярхоўнага суда. Таксама будзе накіравана скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека, у якой будуць аб’яднаныя ўсе тры адмовы ў рэгістрацыі аб’яднання. Паводле спадара Стэфановіча, гэта будзе матывавана парушэннем з боку ўладаў Беларусі Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і дыскрымінацыяй адносна праваабаронцаў.

Валянцін Стэфановіч заявіў, што дзейнасць ад імя «Вясны» працягнецца.

Таксама ў Вярхоўны суд накіравана скарга заснавальнікаў «Брэцскай Вясны» на адмову Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання разам з касацыйнай скаргай на рашэнне абласнога суду. Разгляд справы прызначаны на 3 верасня.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0