РУП «Белпошта» адмовілася ўключыць у падпісны каталог на 2‑е паўгоддзе 2009 года недзяржаўную грамадска‑палітычную газету «СНплюс. Свободные новости плюс».

Пра гэта 11 жніўня галоўны рэдактар газеты Васіль Зданюк даведаўся з ліста за подпісам гендырэктара «Белпошты» Юрыя Комара, які прыйшоў у адказ на просьбу вярнуць выданне ў падпіску.

«Паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталога з мэтай наступнага іх распаўсюду праз падпіску з’яўляецца правам РУП «Белпошта», — заяўляе традыцыйна кіраўнік дзяржаўнага паштовага прадпрыемства‑манапаліста. —

На падставе выкладзенага, РУП «Белпошта» лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог газеты «СНплюс. Свободные новости плюс».

Такі ж адказ толькі за подпісам кіраўніцы Брэсцкага філіяла «Белпошты» Валянціны Пух на спробу вярнуцца да чытачоў праз падпіску атрымала рэдакцыя газеты «Ганцавіцкі час».

Як звяртае ўвагу В. Зданюк, «Белпошта» адмовіла вярнуць «СН» у падпіску нягледзячы на адпаведную рэкамендацыю грамадскай каардынацыйнай Рады па СМІ.

«На пачатку ліпеня рэдакцыя «СН» атрымала ліст за подпісам старшыні Рады Паўла Якубовіча, дзе рэкамендавалася ўзнавіць супрацоўніцтва з РУП «Белпошта». Мы тут жа накіравалі зварот на імя кіраўніка паштовага прадпрыемства, але атрымалі чарговую адмову. З гэтага вынікае, што на сёння ніякія грамадскія рады пакуль не ўплываюць на сітуацыю ў краіне. А вырашэння праблемы з вяртаннем недзяржаўных газет у распасюд трэба, мабыць, чакаць на больш высокім узроўні», — зазначае Васіль Зданюк.

Нагадаем: на сёння толькі адна газета («Бобруйский курьер») са «спісу 13‑і» аднавіла супрацоўніцтва з дзяржаўным распаўсюднікам пасля рэкамендацыі грамадскай Рады па СМІ.

Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0