Фінская кампанія Olvi плануе выкупіць 75 працэнтаў акцый ААТ «Лідскае піва», паведаміў 12 жніўня журналістам менеджэр па краінах Балтыі і Рэспубліцы Беларусь кампаніі Olvi Пеэп Акель.

Як адзначыў менеджэр, у верасні павінна змяніцца доля акцый Olvi ў ААТ «Лідскае піва», яна можа скласці каля 75 працэнтаў. Цяпер фінскай кампаніі належыць 51 працэнт акцый ААТ «Лідскае піва».

Генеральны дырэктар ААТ «Лідскае піва» Аўдрус Мікшыс у сваю чаргу ўдакладніў, што інвестыцыі ў пашырэнне вытворчасці і развіццё сістэмы лагістыкі лідскай піваварнай кампаніі ў бліжэйшыя два гады складуць каля $26 млн., што дасць магчымасць прадпрыемству павялічыць вытворчую праграму на 30 працэнтаў.

Паводле слоў кіраўніка ААТ «Лідскае піва», ужо завершана праектаванне цэха па разліву піва ў спецыяльныя бутэлькі аб’ёмам 0,5 л магутнасцю 33 тыс. бутэлек у гадзіну. Акрамя таго, на стадыі завяршэння знаходзіцца праект новага заводскага корпуса, дзе будуць размешчаны дадатковыя ёмістасці для браджэння піва і квасу. Асаблівым гонарам кампаніі будзе транспартна‑лагістычны тэрмінал, які дасць магчымасць эфектыўна сістэматызаваць работу з шырокім асартыментам прадукцыі.

Лідскі піўзавод пабудаваны ў 1876 годзе, у 2000 годзе пераўтвораны ў ААТ. Калектыў прадпрыемства налічвае звыш 900 чалавек. ААТ «Лідскае піва» выпускае шырокі асартымент піва, квас, соказмяшчальныя напіткі, безалкагольныя і слабаалкагольныя напіткі, ваду пітную.

Фінская кампанія Olvi plc выкупіла кантрольны пакет акцый ААТ «Лідскае піва» ў мінулым годзе. Кошт пакета ў 51 працэнт склаў $16 млн. Olvi plc — адна з буйных у Фінляндыі кампаній па вытворчасці піва і безалкагольных напіткаў. Яе прадпрыемствы дзейнічаюць не толькі ў Фінляндыі, але і ў Эстоніі, Латвіі і Літве. У бягучым годзе Olvi плануе вырабіць 450 млн. л піва, уключаючы вытворчасць ААТ «Лідскае піва». Гандлёвы абарот кампаніі ў 2009 годзе павінен скласці 255 млн. еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?